Дзярждэп ЗША прэзентаваў даклад аб стане рэлігійнай свабоды ў Беларусі

Дзярждэпартамент ЗША

Дзярждэпартамент ЗША / Alex Wong/Getty Images

Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў даклад аб свабодзе веравызнання ў Беларусі. Аўтары дакумента аналізуюць сітуацыю з улікам новых норм закона дзейнасці рэлігійных арганізацый, якія былі прыняты ў канцы 2023 года. Згодна з гэтымі нормамі ўсе рэлігійныя групы на працягу года абавязаны перарэгістравацца. Акрамя таго, рэлігійным суполкам забаронена займацца палітычнай дзейнасцю, а таксама падтрымліваць і фінансаваць палітычныя партыі. "Новы закон пашырае падставы для закрыцця рэлігійных абшчын і арганізацый", — гаворыцца ў дакладзе Дзярждэпа. Аўтары дакумента нагадваюць, што ў чэрвені ўлады прыцягнулі да адказнасці баптысцкага пастара і ў канчатковым выніку аштрафавалі яго за публічны зварот у сваю веру без дазволу. Расказваецца і пра іншыя рэпрэсіі ў дачыненні да святароў.

У дакладзе таксама зазначаецца, што ўлады абмежавалі доступ духавенства ў турмы і забаранілі пастырскія наведванні некаторых палітычных зняволеных.

Адзначаюцца таксама факты ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць рэлігійных абшчын. У прыватнасці, у дакладзе згадваецца сустрэча Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандра Румака і начальніцы аддзела ідэалогіі Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай з духавенствам Мінскай епархіі БПЦ. Сустрэча адбылася 20 сьнежня 2023 года. Чыноўнікі перасцераглі святароў ад занятку палітычнай дзейнасцю, дэманстрацыі якой-небудзь апазіцыйнай ці "экстрэмісцкай" сімволікі і малітваў за перамогу Украіны, пагражалі ім крымінальным пераследам.

У дакуменце таксама адзначаецца прывілеяванае палажэнне Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), працяг палітычных пераследаў рэлігійных дзеячаў і прымусовае закрыццё непажаданых дзяржаве рэлігійных арганізацый. Дадамо, што на аснове такіх дакладаў дзяржсакратар ЗША можа рыхтаваць рэкамендацыі аб уключэнні тых ці іншых краін і арганізацый у чорны спіс найбольш злосных парушальнікаў свабоды веравызнання. Гэта пагражае ўвядзеннем санкцый.

Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый" быў прыняты ў канцы снежня і прадугледжвае абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю рэлігійных арганізацый. Закон забараняе іншаземцам, а таксама асобам, унесеным у пералікі арганізацый або грамадзян, якія маюць дачыненне да "экстрэмісцкай" дзейнасці, выступаць у якасці заснавальнікаў і кіраўнікоў рэлігійных арганізацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі