Дзяўчынка, якая выпала з атракцыёну ў Лідзе, перавезеная ў Гродна
Атракцыён у Лідзе
11-гадовая дзяўчынка, якая выпала з атракцыёну ў Лідзе, перавезеная на рэанімабілі ў Гродна ў абласную дзіцячую бальніцу. Як паведамілі ў галоўным упраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, ёй правялі дзве траўматалагічныя аперацыі. Яна па-ранейшаму знаходзіцца ў рэанімацыі, але ў бліжэйшы час рыхтуецца перавод у траўматалагічнае аддзяленне. Стан дзяўчынкі стабільны.
Здарэнне адбылося 12 траўня. Дзяўчынка разам з маці прыйшла ў парк забаў, які некалькі тыдняў таму прыехаў у Ліду. Літаральна праз некалькі секунд пасля запуску экстрэмальнага атракцыёну Hammer яна ўпала з вышыні і атрымала шматлікія траўмы ("цяжкія цялесныя пашкоджанні"). У Ліду прыязджалі лекары з Гродна і Мінска. З іх удзелам стан дзіцяці стабілізавалі.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Аказанне паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаванням бяспекі для жыцця або здароўя спажыўцоў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання". Лідскі раённы аддзел Следчага камітэта шукае відавочцаў здарэння. Дагэтуль следчым не ўдалося знайсці іншых людзей, якія былі на экстрэмальным атракцыёне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.