Дзяўчынка, якую знайшлі на брылі пад'езда ў Магілёве, трапіла ў Дом дзіцяці
Разглядаецца пытанне пра пазбаўленне маці правоў / скрыншот відэа @CTVBYvideo
Дзяўчынка, якую ў красавіку знайшлі на брылі пад'езда ў Магілёве, знаходзіцца ў мясцовым Доме дзіцяці. "Усё з ёй добра. Будзем спадзявацца, што далей яе лёс складзецца шчасліва", — расказалі прадстаўнікі ўстановы ў эфіры СТБ. А журналісты нагадалі, што нованароджаную дзяўчынку на брылі пад'езда шматпавярховага дома знайшла суседка, калі выйшла на балкон. Патэлефанавала ў міліцыю, папрасіла прыехаць хутчэй, таму што "хтосьці ў пакеце выкінуў дзіця", і дзіця "пішчыць".
Дзяўчынка была загорнутая ў ручнік і засунутая ў поліэтыленавы пакет. На дварэ яна прабыла каля гадзіны. Тэмпература паветра ў той дзень у Магілёве была каля +5. Маці дзяўчынкі даволі хутка знайшлі. Ёй 34 гады. У яе ёсць яшчэ трое дзяцей (1, 2 і 9 гадоў). Пры гэтым сям'я лічылася беспраблемнай і на ўліку ніколі не стаяла. Цяпер на жанчыну завялі крымінальную справу па артыкуле "Замах на забойства заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане".
У цяперашні час у магілёўскім Доме дзіцяці знаходзіцца 33 выхаванцы. 11 з іх забраныя са шматдзетных сем'яў. Часцей за ўсё дзеці трапляюць у Дом дзіцяці з прычыны алкагалізму бацькоў. Дадому — да біялагічных бацькоў — вяртаецца каля 40% выхаванцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.