Дзяўчынку, якую бацькі не маглі назваць два месяцы, запісалі Алісай
Дзяўчынка, бацькі якой не маглі дамовіцца аб выбары імені амаль два месяцы, усё ж зарэгістраваная! У пасведчанні аб нараджэнні яна ― Аліса. Пакуль ішлі спрэчкі, маці Ірына называла дачку Вестай. Ад гэтага імені Ірына не адмаўляецца нават цяпер, маўляў, дачка вырасце і сама разбярэцца, хто яна ― Веста ці Аліса:
“Я ведаю некалькі выпадкаў, калі ў дзіцяці па дакументах адно імя, а па жыцці іншае. У 16 гадоў дзіця можа само змяніць імя, ці будзе прасціць, каб яе называлі так ці так. Галоўнае, што дзіця цяпер існуе юрыдычна”.
Пра цяжарнасць маці дзяўчынкі даведалася ўжо пасля сыходу мужа з сям’і. Калі дзіця нарадзілася, бацькі пачалі канфліктаваць наконт яе імені. Ірына прапаноўвала незвычайныя імёны кшталту Весты і Магдаліны. Бацьку Аляксею не падабалася, ён настойваў на больш звыклых беларускаму вуху Алесі, Алёне, Валерыі, Вераніцы, Вікторыі, Дыяне, Яўгеніі ці Сафіі.
Праўда, у графу “імя” Аляксей упісаў уласнаручна імя Аліса.
“Ірына напісала, што я магу назваць дзіця так, як я хачу ― яна на ўсё згодная, ― распавядае Аляксей. ― Я паглядзеў у царкоўны каляндар, іншыя календары, і гэтае імя найбольш пасавала. Я ведаю, што Ірына збіраецца называць дзіця па-свойму, але ўсе астатнія будуць называць яе Алісай. Ці не нашкодзіць гэта дзіцяці? Гэта пытанне да жонкі”.
У любым выпадку, цяпер дзіця мае пасведчанне аб нараджэнні і ўжо стаіць на чарзе ў садок. А маці можа атрымаць выплаты на дачку і сысці ў адпачынак па доглядзе дзіцяці.