"Я — псіхолаг. Вось як я рыхтую дзіця да школы". Асабісты досвед Ганны Матуляк
Ганна Матуляк і яе дочкі
— Як вы рыхтавалі дзяцей да школы, каб яны хацелі туды хадзіць, з цікавасцю вучыліся, а яшчэ — умелі сябе абараніць у новым калектыве?
З гэтым пытаннем напярэдадні новага навучальнага года Еўрарадыё звярнулася да дырэктаркі Інстытута сучаснай псіхатэрапіі ў Вільні Ганны Матуляк. Спецыялістка выхоўвае дзвюх дачок. Старэйшай ужо дваццаць. Дзяўчына скончыла школу ў Беларусі і атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Польшчы. Малодшай — сем, яна пераходзіць у другі клас Беларускай гімназіі ў Літве.
— Вядома, гэта шмат у чым розны досвед. Розныя дзеці, розныя школы, розныя краіны... Агульнае — тое, што для любога дзіцяці ў любой краіне паход у школу — гэта крызісны этап. Бо школа — гэта сацыяльны інстытут, які мэтаскіравана заточаны на адзнакі і ацэньванне (асабліва ў Беларусі). І гэта крызіс не толькі для дзяцей, але і для бацькоў, якія таксама трывожацца за тое, што плён іх тварэння, калі так можна выказацца, будуць ацэньваць.
Вельмі многае залежыць ад сістэмы адукацыі і настаўнікаў. У тым, наколькі педагогі не толькі зацікаўленыя ў сістэме ацэньвання школьнікаў, але і здольныя разумець, што тым псіхалагічна складана ўключацца ў гэты новы перыяд.
Дзеці і... дарослыя дзеці
Ганна расказвае, што працэс прывыкання да школьнага жыцця ў малодшай дачкі праходзіць больш плаўна, чым у свой час у старэйшай. Суразмоўніца звязвае гэта з тым, што дачка ходзіць у гімназію з нулявога класа.
Дзецям дазвалялі прыносіць з сабой цацкі — любімы мішка мог сядзець на парце, "назіраць" за тым, як дзяўчынка вучыцца, і "чакаць", пакуль яна з ім пагуляе пасля заняткаў.
Адміністрацыя гімназіі паступова ўключала дзяцей у навучальны працэс. Яны займаліся, наведвалі агульныя для гімназістаў мерапрыемствы, маглі "падглядаць" за старэйшымі — і ім рабілася цікава.
— Далёка не ўсе дзеці псіхалагічна падрыхтаваныя да школы, — кажа спецыялістка. — Нельга сказаць, што кожнае дзіця, якому споўнілася сем гадоў, гатовае сядзець за партай і ўважліва слухаць настаўніка ўвесь урок. Можна быць гатовым да школы інтэлектуальна — рана навучыцца чытаць, пісаць і лічыць, але пры гэтым быць эмацыйна няспелым: не разумець сваіх пачуццяў, не ўмець кіраваць імі. А менавіта з прыходам у школу эмоцый робіцца больш.
Дзіця можа быць не матываванае на навучальную дзейнасць, бо галоўнай у яго ўсё яшчэ застаецца гульнявая. Таму вельмі важна тое, які педагог працуе з дзецьмі з самага пачатку. Ім патрэбны правадыр, які зможа правесці іх гэтым шляхам — сваёй дабрынёй і цяплом.
Ганна ўспамінае, што старэйшая дачка пайшла ў школу пасля дзіцячага садка. З першай настаўніцай пашанцавала — тая была сапраўды добрай і любіла вучняў.
З іншага боку, у школе адразу далі зразумець, што цяпер трэба "рабіць усё строга па правілах" — паміж класнай і хатняй працай мусіць быць пэўная колькасць клетачак, дзённікі павінныя быць адзінага ўзору, і так шмат у чым.
"І ў мяне так было"
З сістэмай адукацыі ў Беларусі ўсё ясна. І добра, калі там сустракаюцца педагогі, якія любяць сваю прафесію і дзяцей, нягледзячы на нізкія заробкі і колькасць дадатковай папяровай працы.
А калі не пашанцавала? Ці могуць бацькі зрабіць нешта самі, каб дзеці не зненавідзелі школу з першых дзён?
— Расказваць дзіцяці пра тое, што школа — гэта цікава, значыць хлусіць яму, — папярэджвае Ганна Матуляк. — У школе досыць шмат нуднай руціны, якую проста трэба выконваць. І яна далёка не ўсім дзецям будзе цікавая і цікавая. Асабліва калі мы гаворым пра беларускую сістэму адукацыі, дзе няма прыярытэту зацікавіць і здзівіць дзяцей нейкім новым ракурсам, але ёсць задача ўпіхнуць веды 20-25 вучням у класе.
Таму казаць, што школа — гэта весела, няправільна, але і казаць, што гэта сумна, таксама няправільна.
Што ж рабіць?
Дзецям падабаецца слухаць гісторыі з дзяцінства бацькоў. Я ведала, з якімі цяжкасцямі могуць сутыкнуцца мае дочкі ў школе, таму расказвала пра сябе.
Як навучыць дзяцей абараняць свае межы
Трапляючы ў школу, дзеці часта сутыкаюцца з парушэннем асабістых межаў. Ганна Матуляк успамінае два выпадкі ў беларускай школе.
— Адзін раз настаўніца знайшла тэлефон у прыбіральні для дзяўчат. Замест таго каб патэлефанаваць на першы нумар і даведацца, чый гэта тэлефон, яна залезла ў галерэю з фотаздымкамі.
Там не было нічога страшнага, але фатаграфіі дачкі ёй не спадабаліся. Спачатку настаўніца выказала сваю незадаволенасць ёй, потым выклікала ў школу нас. Муж прыйшоў і даў зразумець, што яна не мусіла залазіць у галерэю. Усё.
Яшчэ адна гісторыя была падчас навучання ў пятым класе, калі настаўніца назвала дзяцей дэбіламі.
Дачка прыйшла дадому і спытала ў нас: "Вы не будзеце лаяцца на мяне за двойку? Я не хачу рыхтаваць хатняе заданне і збіраюся абвясціць настаўніцы байкот". Так яна ўмоўна ўзгадніла з намі наступствы свайго ўчынку.
Яна сапраўды ўстала і сказала, што не падрыхтавала хатняе заданне, бо настаўніца абзывае дзяцей, а так быць не мусіць. Зразумела, тая абурылася яшчэ больш, але выпадак быў не адзіны. Пазней падключыліся бацькі, і настаўніцу звольнілі.
Псіхолаг кажа, што ёсць спосаб падрыхтаваць дзяцей да такіх сітуацый і навучыць адстойваць свае межы, але часцяком таты і мамы не гатовыя яго прыняць.
— Каб дзіця магло супрацьстаяць парушэнню сваіх межаў і абараніць сябе, у яго мусіць быць досвед такіх паводзін з самымі блізкімі людзьмі — з бацькамі. Мамы і таты павінныя дапамагаць дзіцяці спазнаваць яго асабістыя межы, не парушаць іх і дапамагаць абараняць.
Наш асабісты эмацыйны досвед будзе мацнейшы за ўсе словы. Калі мама сама не стукае ў пакой, заходзячы, яна можа дзесяць разоў прасіць стукаць сваіх дзяцей, але гэта будзе непераканаўча, бо няма асабістага прыкладу.
Дзеці трапляюць у соцыум, і соцыум іх шакуе
Прыйшоўшы ў школу, дзіця трапляе ў клас, дзе вучыцца шмат іншых дзяцей. І хто ведае, чаго ад іх чакаць. Ці можна падрыхтаваць дзяцей да жыцця ў вялікім калектыве?
— Тут будзе мець значэнне досвед, з якім дзіця сутыкалася да паходу ў школу, — адказвае суразмоўніца Еўрарадыё. — Калі яно адно ў сям'і, у асноўным сядзела дома або максімум гуляла на пляцоўцы, дзе было яшчэ некалькі дзяцей, то, трапіўшы ў клас, усё роўна нейкі час будзе ў шоку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.