Як выбраць прафесію, калі школа не дапамагае? І пры чым тут коцікі
Прафарыентацыя
Аднойчы на кансультацыю да псіхолага-прафарыентолага прыйшлі раззлаваныя бацькі студэнта, які кінуў біяфак. "І, што яшчэ горш, замест біяфака ён займаецца глупствам!" — абураліся бацькі.
— Я пытаю: а якім глупствам? Хлопец збянтэжана апускае галаву і кажа: "Я гуляю ў гульню The Sims".
За час кансультацыі высветлілася, што ў "Сімсаў" малады чалавек гуляе таму, што яму падабаецца ствараць дызайн пакояў для персанажаў. Ён не можа спыніцца, выбіраючы колер шпалер і тэкстуры паверхняў, пакуль не адчуе, што яго персанаж у гэтым пакоі шчаслівы.
— Відавочна, што чалавек ужо вызначыўся з прафесіяй — ён дызайнер. Але праз немагчымасць рэалізаваць сваю адоранасць па-сапраўднаму ён спрабаваў рабіць гэта там, куды мог дацягнуцца: у камп'ютарнай гульні.
Калі хутка выпускны клас, а ваш падлетак яшчэ не ведае, кім хоча быць (а вы дакладна ведаеце, што не хочаце быць таксічнымі бацькамі), самы час падумаць пра прафарыентаванне. Мы распыталі прафарыентолага, як школьнікам шукаць сябе.
Пазнаёмце дзіця са сваімі крутымі сябрамі
— У якім узросце пачынаць шукаць сваё месца ў дарослым жыцці?
— Свядомыя бацькі імкнуцца паказаць дзіцяці ўвесь свет, з самага ранняга ўзросту ўвесці яго ў сваё кола зносін.
Я вельмі добра стаўлюся да дынастый адвакатаў і дактароў, акцёраў і рэжысёраў, бо ў гэтых сем'ях дзіця з самага ранняга дзяцінства знаходзіцца ў атачэнні прафесіяналаў высокага ўзроўню. Яно як бы далучаецца да іх досведу і светапогляду.
І я раю бацькам знаёміць дзяцей са сваімі сябрамі, якія шчаслівыя ў прафесіі, якія натхнёна расказваюць пра яе. Дай бог, каб выбар прафесіі адбываўся сам сабой, пад уплывам зносін з патрэбнымі людзьмі.
Чалавек у сярэднім класе зарабляе больш, чым яму патрабуецца на пражыванне, і адкладае грошы на фінансавую "падушку бяспекі". Калі раптам нешта ідзе не так на працы, калі яго просяць зрабіць насуперак сваім перакананням, такі чалавек можа сказаць: не, я гэтага рабіць не буду. Кіраўніцтва можа прыстрашыць звальненнем, але ў яго будзе дастаткова сродкаў, каб пражыць недзе паўгода, не зніжаючы якасці жыцця, у пошуках іншага працадаўцы.
Людзі з найвышэйшага сацыяльнага пласта, як правіла, ніколі не працуюць у найме і свабодна распараджаюцца фінансамі. Яны ствараюць уласныя праекты ў галіне мастацтва, палітыкі, навукі, культуры, бізнесу.
А потым я пытаю, з кім з дарослых людзей дзіця хацела б працаваць у партнёрстве. Хто яны? Прадстаўнікі якой прафесіі? Гэта людзі навукі, культуры ці палітыкі? Так дзіця выбірае сваю будучае жаданае асяроддзе.
І калі яно дае адказы, я кажу: ты варты пражыць сваё жыццё ярка і мець зносіны з найлепшымі людзьмі, уключанымі ў найлепшыя праекты!
Як правіла, дзеці кажуць, што ў 26-27 гадоў яны хочуць трапіць у сярэдні клас. З найніжэйшага ў сярэдні клас людзі ідуць двума шляхамі — і гэтыя два шляхі процілеглыя адзін аднаму.
Ты дзікі коцік ці хатні?
— Вызначыліся, кім хочам быць — як зразумець, з дапамогай чаго гэтага дасягнуць?
— Наступнае пытанне я задаю дзіцяці ў метафары. Я хачу спытаць у яго, плануе яно ствараць свой бізнес ці быць найманым работнікам. А пытаю так: ты хатні коцік ці дзікі? Тут чалавек выбірае паміж стабільнасцю і бяспекай — і свабодай.
Дзікі коцік абсалютна вольны, робіць тое, што хоча, з кім хоча, калі хоча. Ён выбірае, на каго яму паляваць. Але яго ніхто не будзе карміць, ніхто не будзе паіць, ніхто не будзе лячыць. Ён сам мусіць лавіць мышэй. Відавочна, што дзікі коцік — гэта прадпрымальнік. Калі дзіця робіць выбар на карысць дзікага коціка, мы пачынаем разважаць пра тое, што ён любіць рабіць больш за ўсё на свеце і як гэта можна манетызаваць.
На жаль, у Беларусі мала праграм, дзе масцітыя прадпрымальнікі вучаць будучых прадпрымальнікаў.
Лад жыцця дзікага коціка выбірае палова падлеткаў, якія да мяне прыходзяць. Астатнія выбіраюць жыццё хатняга. Жыццё, дзе ўсё стабільнае, дзе два разы на дзень табе гарантаваная свежая ежа і чыстая вада. Але тут важна ўмець выбіраць сабе адказнага працадаўцу.
— Дапусцім, падлетак вырашыў быць дзікім коцікам. Але што калі ён паняцця не мае, чым менавіта хоча займацца і на якіх мышэй паляваць?
— Наступны этап нашай размовы — абмеркаванне прыхільнасцяў. У гэтых дзіцячых сімпатыях праяўляецца патэнцыйная адоранасць чалавека.
Часам дзіця нават не ўсведамляе, што менавіта гэтая справа — яго жарсць. Жарсць да нейкай дзейнасці, якая часам ідзе нават насуперак бацькоўскім забаронам. Што ты больш за ўсё любіш рабіць? Вось, дапусцім, цяпер канікулы, і мама табе кажа: прыбяры ў пакоі, выгуляй сабаку — і ты хутка-хутка гэта робіш, каб потым занурыцца ў нешта і заліпнуць там на гадзіну, на дзве, тры!
Патэнцыйная адоранасць праяўляецца ў наднарматыўнай актыўнасці. І гэтая адоранасць бывае практычная, тэарэтычная, камунікатыўная, мастацкая і прадпрымальніцкая. Бывалі выпадкі, калі бацькі прыводзілі да мяне дзіця і казалі: растлумачце яму, што мы сур'ёзныя людзі, нам трэба падтрымліваць рэнамэ — хай ён перастане сябе так паводзіць! Але як — так?
Пачынаем размаўляць і высвятляем, што дзіця замыкаюць у яго пакоі на другім паверсе, а ён па дзікім вінаградзе спускаецца і ўцякае ў майстэрню, дзе рамантуюць хуткасныя матацыклы! Ці, як кажуць бацькі, "надзявае гэты жудасны прамаслены касцюм, вяртаецца адтуль мурзаты, але шчаслівы". Бацькі думаюць, што гэта не адпавядае сацыяльнаму статусу сям'і — а ў дзіцяці відавочная практычная адоранасць.
А ў размове высвятляецца, што ён, як і яго бацька, "дзікі коцік" — то-бок будучы прадпрымальнік. І, магчыма, у яго будзе свая аўтамайстэрня, у якой ён будзе аднаўляць рарытэтныя аўтамабілі? Бацькі выслухоўваюць і кажуць: ну так, гэта падыдзе, гэта нармальна! Выходзіць, яны ні разу да кансультацыі спакойна не пагаварылі са сваім дзіцем.
Я заўсёды настойваю, каб на кансультацыях прысутнічалі бацькі, і вельмі радуюся, калі мне ўдаецца прымірыць іх з будучыняй дзіцяці.
Наша беларуская школа вельмі добра, па-сапраўднаму таленавіта працуе з тэарэтычнай адоранасцю — з матэматыкамі, фізікамі, філолагамі. У нас створаная разгалінаваная сістэма алімпіяд, уключаючы міжнародныя. Але гэта толькі адзін з відаў адоранасці.
А вось з прадпрымальніцкай адоранасцю школа часам нават змагаецца, бо такія дзеці часта не могуць падпарадкоўвацца правілам. Яны вельмі харызматычныя, яны хочуць сваіх правіл — і потым на іх яхтах будуць адзначаць дваццацігоддзе заканчэння школы. Але ў дванаццаць гадоў гэта выглядае як нонканфармізм, як непадпарадкаванне, як разгільдзяйства.
Яны не вельмі хочуць вывучаць фізіку, матэматыку і хімію. Але часам зарабляюць грошы проста ў школе, а сама школа лічыць, што гэта амаральна.
А ёсць камунікатыўная адоранасць. І вось як бы мы ні ставіліся да чалавека, які цяпер займае пасаду прэзідэнта ў Беларусі, без камунікатыўнай адоранасці ён не змог бы завалодаць пэўным сегментам сваёй аўдыторыі, не стаў бы першай асобай дзяржавы ў свой час.
А бываюць дзеці з прасторавай адоранасцю — добра, калі такіх дзяцей бацькі адвялі ў свой час на маляванне, на фігурнае катанне.
А ёсць яшчэ адоранасць у галіне навакольнага асяроддзя: такое дзіця бярэцца даглядаць якую-небудзь расліну, і тая пачынае квітнець усімі колерамі! Гэта будучыя ландшафтныя дызайнеры.
А ёсць яшчэ вялікая катэгорыя дзяцей, якія не ўсведамляюць, дзе іх сіла. Ім здаецца, што яны самыя звычайныя — не хапаюць зорак у матэматыцы і фізіцы, не вельмі камунікабельныя і, як правіла, у іх няма прадпрымальніцкай адоранасці. Я пытаю: а што ты любіш больш за ўсё? Часам гэтыя дзеці кажуць: глядзець фільмы. І каб гісторыя ў гэтых фільмах была вельмі эмацыйнай, захапляльнай! Каб героям можна было суперажываць.
Гэта чалавек, заточаны на спачуванне, чалавек з развітай эмпатыяй, з такіх людзей выходзяць найлепшыя псіхолагі, дактары, педагогі. У іх эмацыйны інтэлект ідзе наперадзе логікі, і калі на гэты нюх накладваюцца яшчэ і веды, тады і атрымліваюцца геніяльныя псіхолагі і педагогі.
— Але хіба ў школе ў дзіцяці ёсць магчымасць выпрабаваць усе свае "адоранасці"?
— У Беларусі пра прафарыентацыю шмат гавораць, але навучальна-тэматычны план яе не прадугледжвае. Прафарыентаванне праходзіць, хутчэй, на заклік душы дырэктара і ў залежнасці ад магчымасцяў бацькоў. У выніку ў розных школах усё складваецца па-рознаму.
Мне падабаецца, як гэта адбываецца ў Швецыі. Як і ў Беларусі, у Швецыі адзінаццацігадовая адукацыя.
У шведскіх дзесяцікласнікаў адна гадзіна на тыдзень заўсёды прысвечаная прафарыентацыйным заняткам са спецыялістам. Яны гуляюць у гульні, праводзяць трэнінгі, тэматычныя гутаркі — і да канца дзясятага класа дзеці мусяць вызначыцца, будуць яны паступаць ва ўніверсітэт ці адразу пойдуць працаваць.
І тых, хто паступае ва ўніверсітэт, меншасць. Гэтая меншасць у 11-м класе пачынае рыхтавацца да ўступных экзаменаў. Большасць жа вырашае пасля школы пачаць працаваць. Міністэрства адукацыі заключае дамовы з кампаніямі — лідарамі ў сваіх галінах для падрыхтоўкі рабочых ніжэйшай кваліфікацыі, якія пасля адзінаццатага класа змогуць працаваць па прафесіі.
І гэтыя дзеці ў адзінаццатым класе вывучаюць будучую прафесію— цырульную справу, кухарскую, аўтаслесарскую. І пасля адзінаццатага класа дзіця гатовае заняць нейкае месца ў жыцці. Дарога ва ўніверсітэты для іх пры гэтым не закрываецца!
І гэта яшчэ пытанне, што прэстыжнейшае: пайсці працаваць, стаць фінансава самастойным, ганарыцца магчымасцю арандаваць сабе асобнае жыллё, весці самастойны лад жыцця — ці паступіць ва ўніверсітэт, але заставацца на ўтрыманні бацькоў.
Мне падабаецца гэты шведскі варыянт, калі школа дае час, спецыялістаў і інфраструктуру для таго, каб дзіця паспрабавала сябе. Хто ён: жнец, на дудзе ігрэц, дызайнер, кухар? Паспрабаваўшы многае, дзіця ў вырашальны момант зможа вызначыцца з прафесіяй на найбліжэйшыя некалькі гадоў... Так, некалькі гадоў, бо сучаснаму пакаленню не наканавана выбіраць прафесію назаўсёды!
Трывожным дзецям я часам кажу: слухай, можа, прафесіі, па якой ты сумуеш, яшчэ проста не існуе! Так было ў маім жыцці: прафесія праграміста нарадзілася проста ў мяне на вачах! Я тая самая рэліктавая чарапаха, у якой у школьным раскладзе нават не было прадмета пад назвай "Інфарматыка". Можаце сабе ўявіць такое?
* * *
Студэнт біяфака, які гуляў у The Sims, на кансультацыю прыйшоў з бацькамі. І Ганне ўдалося дамовіцца з імі: дазвольце свайму дзіцяці для пачатку хаця б раз пераклеіць шпалеры ў пакоі. Яны пагадзіліся на гэты кампраміс.
Ганна вельмі заўзее за дзяцей, з якімі працуе. Яна спадзяецца, што яны трапяць у навучальную ўстанову, якая прывядзе іх у любімую справу, за якую яшчэ і будуць плаціць. Сама яна ведае, што такое быць у прафесіі, якую любіш: рэкорд яе кансультацый — шэсць гадзін пры норме ў дзве. Але калі любіш працу, час ляціць незаўважна.
— Але ў 18-20 гадоў дзіця яшчэ не ведае сябе і не заўсёды можа выбраць прыдатную прафесію. Таму і варта рабіць як у Еўропе: пасля школы з'ехаць на год і проста паваланцёрыць. А да дваццаці аднаго — дваццаці двух гадоў паступаць ва ўніверсітэт. Я працую над павышэннем матывацыі сацыяльных дасягненняў і над усведамленнем сферы сваёй патэнцыйнай адоранасці. Стараюся разабрацца, кім сябе бачыць дзіця: прадпрымальнікам ці найманым работнікам. А яшчэ мы працуем над фармаваннем кансенсусу з бацькамі, калі такога няма — бо часам бацькі не толькі не бачаць патэнцыйнай адоранасці дзіцяці, але і змагаюцца з ёю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.