Эканаміст аб адключэнні Расіі ад SWIFT: замах сякеры страшнейшы за ўдар
Леў Львоўскі / Еўрарадыё
Калі з большасцю заходніх санкцый у дачыненні да Расіі ўсё зразумела: закрыць неба, скараціць высокатэхналагічны імпарт і г.д. — дык з адключэннем ад SWIFT усё не так адназначна. Тут прынцып "чым больш — тым лепш" не працуе, лічыць старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Леў Львоўскі.
SWIFT выкарыстоўваецца для міжнародных пераводаў і часткова для ўнутраных транзакцый (на яго завязаныя сусветныя пластыкавыя карты). Што будзе, калі SWIFT адключаць:
- Для ўнутраных пераводаў ёсць сістэма МІР. Карты ўнутры Расіі працаваць не перастануць.
- Будуць часовыя складанасці з паступленнем валюты. Але каб у краіну не паступалі нафтадолары ў доўгатэрміновай перспектыве, трэба ўвесці санкцыі на набыццё ў Расіі нафты, а не на транзакцыі. Таму што "Газпрам" усё роўна знойдзе спосабы пераводу грошай, і само па сабе адключэнне яго не палохае.
- Трэцяя, немалаважная функцыя SWIFT, — вывад грошай з Расіі. Для ўдару па расійскіх банках і памяншэння іх дэпазітнай базы няма лепшага рашэння, чым пакінуць магчымасць вываду капіталаў, але ўвесь час казаць, што гэтая магчымасць можа хутка знікнуць. "Так, нейкая колькасць прыдворных пуціністаў выратуюць свае грошы. Затое гэта перавядзе ўсю банкаўскую сістэму Расіі на галодны паёк і запусціць гіганцкія праблемы з ліквіднасцю. Таму самай дзейснай мерай стане абяцанне адключэння, але не рэальнае дзеянне", — рэзюмуе эканаміст.
Тым часам Германія і Венгрыя — апошнія краіны Еўрасаюза, якія стаялі на шляху адключэння Расіі ад SWIFT, абвясцілі, што больш не будуць перашкаджаць увядзенню такіх санкцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.