“Ціханоўскай вам мала?” Чаму беларусы заігнорылі выбары ў КР
Выбары ў КР
У выбарах у Каардынацыйную раду паўдзельнічала крыху болей за 6,7 тысячы чалавек. Некаторыя кандыдаты ўжо гучна пакрыўдзіліся на СМІ: яны тлумачаць нізкую актыўнасць выбаршчыкаў недастатковай увагай да падзеі з боку журналістаў.
Крыўду кандыдатаў можна зразумець: яны шмат чым ахвяравалі дзеля таго, каб у беларусаў з’явілася магчымасць паглядзець на тое, якой магла б быць публічная палітыка. СК завёў крымінальныя справы на ўсіх удзельнікаў кампаніі і пагражае адабраць іх беларускую маёмасць. Але вінаваціць ва ўсім медыя — так сабе пазіцыя, асабліва для публічных палітыкаў.
Еўрарадыё абмеркавала вынікі галасавання на выбарах у КР з медыяэкспертамі Ірынай Сідорскай і Паўлюком Быкоўскім і палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам. Ці маглі ўдзельнікі выбараў выбраць іншую стратэгію, каб учарашні вечар не скончыць фрустрацыяй? І што мы мусім зразумець пра дэмакратычны рух па выніковых лічбах галасавання?
Ірына Сідорская: Людзі не разумеюць не толькі што такое КР, але і ўвогуле што такое парламент і навошта ён патрэбны
— Бачу некалькі прычынаў нізкай яўкі, і першая — менавіта ў рызыцы. Не толькі тыя, хто жыве ў Беларусі, але і тыя, хто пераехаў за мяжу, непакояцца за бяспеку: сваю і сваіх родных, за маёмасць. І праз гэта адмаўляюцца ад удзелу. Людзі, якія жывуць у Беларусі, непакояцца яшчэ больш.
Другая прычына — у тым, што сярод шырокага кола людзей няма разумення не толькі таго, што такое Каардынацыйная рада, але і таго, што такое ўвогуле парламент. І тут праблема не ў Радзе, а ў тым, што беларускі парламент не выконвае сваіх функцый ужо шмат гадоў. То-бок людзі не надта разумеюць, як выглядае раздзяленне галінаў улады ўвогуле.
Маўляў, вось ёсць Ціханоўская, ёсць Аб’яднаны пераходны кабінет — а для чаго трэба яшчэ нешта? Думаю, недастатковая цікавасць да гэтых выбараў паходзіць з неразумення дэмакратыі, з неразумення таго, чым увогуле можа займацца парламент.
Здаецца, гэтыя веды базавыя, але ў нашай краіне гэтая “база” шмат гадоў не працуе. У Беларусі парламент існуе, каб ухваляць законы Лукашэнкі. Можа, людзі думаюць, што і КР патрэбная, каб падтрымліваць рашэнні Ціханоўскай? Але ж насамрэч пляцоўка, на якой фармуецца культура дыскусіі, не ўзнікае сама сабой. Людзі павінныя патрэніравацца, каб навучыцца гэтаму.
Самім кандыдатам таксама варта было праяўляць больш актыўнасці. Шмат хто з іх не ствараў інфармацыйных нагодаў напярэдадні выбараў. Тыя ж правілы, што працуюць у камерцыйным маркетынгу і рэкламе, працуюць і ў палітычным маркетынгу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.