Мы тут улада. Такіх дэбатаў у [прота]парламенце вы не бачылі з 90-х: рэпартаж

Прадстаўнікі Пераходнага кабінета прыйшлі на зум-сустрэчу з КР і сутыкнуліся з дэмакратыяй тварам у твар / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Прадстаўнікі Пераходнага кабінета прыйшлі на зум-сустрэчу з КР і сутыкнуліся з дэмакратыяй тварам у твар / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Калі вам падабаюцца дэбаты ў брытанскім парламенце і вы думалі, чаго б яшчэ такога паглядзець, паспрабуйце трапіць на наступнае зум-пасяджэнне абноўленай Каардынацыйнай рады.

Учора ўвечары каля шасцідзесяці чальцоў КР і адзін прадстаўнік Пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі сабраліся абмеркаваць фармат супрацоўніцтва. Гэта значыць, апынуліся ў небяспечнай блізкасці ад пытання: хто мы адно аднаму? І іншага сур'ёзнага пытання: хто тут улада?
 

Хто мы адно аднаму?

Вечарам у чацвер карэспандэнтка Еўрарадыё падключылася да зум-канферэнцыі з не самай узрушальнай назвай "Абмеркаванне рэгламенту працы новай КР і фармату ўзаемадзеяння з Пераходным кабінетам". Не тое каб такі анонс не выклікаў асаблівых чаканняў. Наадварот, дамінавалі чаканне і надзея, што заяўленае мерапрыемства працягнецца нядоўга.

Але ўжо ў першыя пяць хвілін канферэнцыі скепсіс можна было мяняць на здзіўленне. Калі б у зум дадалі беларускіх прапагандыстаў, яны б нават не зразумелі, што гэта было пасяджэнне протапарламента. Там — sic! — спрачаліся.

Мы здесь власть. Таких дебатов в [прото]парламенте вы не видели с 90-х: репортаж
На сесіі брытанскага парламента бывала і вось так / CNN

Пачалося ўсё, праўда, з няёмкасці. Зум-канферэнцыя, на якой Кавалеўскі значыўся адным з двух асноўных спікераў, заспела яго ў машыне.

Паважаныя калегі, я цяпер еду ў машыне, гэта ўплывае на якасць сувязі. Напэўна, будзе не найлепшая карцінка. Калі для вас гэта нармальна, то я гатовы.

Ну мы ж сабраліся, — разгубіўся мадэратар сустрэчы Іван Краўцоў. "Мы" — гэта некалькі дзясяткаў чальцоў КР і непадлічаная колькасць журналістаў. — Я думаю, раз сабраліся, пераносіць не будзем.

Кавалеўскі пачаў з пахвалы. Ён ухваліў імкненне чальцоў КР "узяць на сябе дадатковую адказнасць і нагрузку ў такі складаны час".

Лепш пачынаць з меншага, але з таго, што будзе працаваць. Чым з большага, але з таго, што не будзе выконвацца і будзе раз'ядноўваць і ўмацоўваць узаемны недавер, — казаў Кавалеўскі і прапаноўваў, каб КР і Пераходны кабінет падтрымлівалі адно аднаго.

Але ў аднолькавай ступені прыемныя і абстрактныя рытарычныя абароты, якія добра пасавалі для канферэнцыі "Новая Беларусь", не спрацавалі на зум-сустрэчы з КР.

Якім бы чароўным ні быў Кавалеўскі, у наступныя дзве гадзіны прадстаўнікі Рады засведчылі, што яны збіраюцца не столькі падтрымліваць яго і ўвесь Кабінет, колькі кантраляваць. У тым ліку, яго фінансавыя справаздачы.
 

Вотум недаверу для Пераходнага кабінета

Палітолаг Андрэй Ягораў, які прадстаўляў калектыў аўтараў рэгламенту, спрачаўся з Кавалеўскім пра фармулёўкі. Краўцоў перажываў, што прысутным сумна. Ну і падбадзёрваў: пачакайце-пачакайце, вось пачнецца палемічная частка — стане цікава!

Іван, усё добра. Цікава стала ўжо ў той момант, калі выявілася, што КР плануе замацаваць за сабой права выносіць вотум недаверу Пераходнаму кабінету. Вядома, у экстраных сітуацыях — калі застанецца незадаволенай вынікамі яго працы або справаздачамі.

Вотум недаверу — гэта крайняя мера, прызнаў Ягораў. І спытаў, якія яшчэ меры ўздзеяння на Кабінет магчымыя, калі вотум выносіць рана, а паўплываць на яго вельмі трэба?

Кавалеўскі здзівіўся. Ён прызнаў, што пра гэта ў Кабінеце неяк не думалі.

Цікавае пытанне. Так далёка ў абмеркаванні наступстваў мы не заходзілі.

Мы здесь власть. Таких дебатов в [прото]парламенте вы не видели с 90-х: репортаж
Валерый Кавалеўскі / фота Аб'яднанага пераходнага кабінета

І тут Кавалеўскі згенераваў адразу некалькі ідэй. Ён прапанаваў уплываць на працу Кабінета праз "ацэнкі, меркаванні і рэкамендацыі". А потым высветлілася, што вета — гэта, вядома, крайняя мера. Але ўсё роўна не вельмі страшная. Таму што Кабінет можа адрэагаваць на яе некалькімі спосабамі.

Можа быць набор рэакцый: ад таго, каб прыняць да ўвагі, да таго, каб распусціць Кабінет і прапанаваць новы склад. Я думаю, у кіраўніцы Кабінета [Святланы Ціханоўскай. — Еўрарадыё] павінна быць некаторая прастора для прыняцця рашэння.

Пачало закрадвацца падазрэнне, што паўнамоцтвы КР у дачыненні да Кабінета хочуць абмежаваць "глыбокай заклапочанасцю". Даволі сумна ўсведамляць, што на гэта ты выдаткаваў вечар чацвярга, імаверна, вырашыў прадстаўнік "ЕўраБеларусі" Яраслаў Бекіш і адкінуў дыпламатычныя фармулёўкі.

"Ваш званок вельмі важны, але мы будзем прымаць рашэнні зыходзячы са сваіх уласных меркаванняў", — пераклаў ён адразу некалькі выказванняў Кавалеўскага.

Вы ствараліся не для таго, каб кантраляваць Кабінет, а для таго, каб зводзіць разам здаровыя, прадуктыўныя сілы, — у нейкі момант прагаварыўся прадстаўнік Кабінета.

Але самыя актыўныя чальцы КР, відавочна, збіраліся даць зразумець, што яны тут улада і протапарламент, а не гурток экспертаў.
 

Хто вырашыў, што Беларусь "акупаваная"?

Адно з самых вострых пытанняў — ці можа КР удзельнічаць у замежнай палітыцы? Кавалеўскі кажа, што не можа.

Замежная палітыка — прэрагатыва выканаўчай улады. Не выпадкова дзяржавы сочаць за тым, каб замежная палітыка выглядала стройна. Прадстаўнічая ўлада можа ўплываць на замежную палітыку праз зацвярджэнне бюджэту, — аргументаваў сваю пазіцыю Кавалеўскі.

З галінамі ўлады ў гэтым ураўненні ўсё больш-менш зразумела. Выканаўчая — гэта Кабінет. Прадстаўнічай у перспектыве магла б быць Каардынацыйная рада. Знайсці: бюджэт, праз які КР нібыта можа на нешта ўплываць.

Але Ягораў не аспрэчвае правы Кабінета. Проста хоча дадатковых правоў і для КР.

Мы здесь власть. Таких дебатов в [прото]парламенте вы не видели с 90-х: репортаж
Андрэй Ягораў / Euroradio

Калі пайсці на прыняцце такой пазіцыі, мы б хацелі мець сіметрычнае права. Кабінет не можа прадстаўляць пазіцыі, не ўзгодненыя з КР.

Ягораў тлумачыць: гаворка ідзе пра пытанні "нацыянальнага маштабу". Напрыклад, санкцыйная палітыка або патрабаванне прызнаць Беларусь акупаванай краінай. Кабінет не павінен вырашаць гэтыя пытанні, не параіўшыся з беларусамі. Хаця б з тымі, якія гатовыя даваць парады.

Але такая форма робіць нас аднолькавымі актарамі замежнай палітыкі. Гэта адбірае прэрагатыву Кабінета, незадаволены Кавалеўскі.

І бярэцца разважаць пра тое, што для некага санкцыйная палітыка — гэта пытанне нацыянальнага маштабу, а для некага — не. Маўляў, у кожнага чальца КР штодня могуць з'яўляцца пытанні "нацыянальнага маштабу", дык што ж — кожнае з іх узгадняць?

Лена Жываглод піша ў чат, што яна не супраць, каб за вонкавы контур адказваў Кабінет.

Стася Гліннік тлумачыць, чаму КР не перашкодзіць Кабінету, а ўмацуе яго.

Сярод выбраных ёсць тыя, хто доўгі час пражываў за мяжой, хто браў удзел у палітыцы сваіх краін, хто валодае лакальным рэсурсам. Людзі на месцах маюць свае кантакты.

У мяне склалася ўражанне, што Кабінет баіцца ўмяшання недастаткова падрыхтаваных людзей у міжнародную палітыку. Але калі б гэта была камісія, сабраная з экспертаў, якія маюць досвед працы?

Я б так не сказаў, кажа Кавалеўскі. Я якраз лічу, што ў КР здольныя, заматываваныя людзі, якія прыносілі і будуць прыносіць шмат карысці. Пытанне ўзгодненасці пазіцый. Мы не можам забраць у вас права сустракацца з міжнароднымі партнёрамі, але хацелася б, каб гэта было ўзгоднена.

Не забірайце ў Кабінета замежную палітыку.
 

Pavel выключыў мікрафон

Перайшлі да абмеркавання тэарэтычнай сітуацыі: а вось ці можа чалавек адначасова быць чальцом КР і прадстаўніком Пераходнага кабінета?

Мы здесь власть. Таких дебатов в [прото]парламенте вы не видели с 90-х: репортаж
Павел Латушка / Euroradio

Адначасова і чальцом Кабінета, і чальцом КР з'яўляецца Павел Латушка. Ну вось такі ініцыятыўны чалавек, здавалася б — у чым праблема? Але напрыклад: за КР хочуць замацаваць права выносіць вотум недаверу Кабінету. Было б дзіўна, калі б Латушку як чальцу Кабінета давялося галасаваць і па гэтым пытанні.

Але ці застанецца ён у КР, пакуль незразумела. З аднаго боку, паступіла прапанова проста забараніць чальцу Кабінета галасаваць па пытаннях накшталт вотуму недаверу — і не выганяць яго з КР. З іншага, паводле апытання, якое напярэдадні правяла Рада, 72% чальцоў супраць такога сумяшчэння пасад.

Карыстальнік пад нікам Pavel падчас дыскусіі нават мікрафон не ўключыў.
 

"Актывісты стаміліся ад ігнаравання іх інтарэсаў"

У чаце канферэнцыі таксама было бурна.

“Дыялогавых пляцовак дастаткова. Грамадзяне, актывісты і суполкі стаміліся ад ігнаравання іх інтарэсаў палітычнымі актарамі і хочуць, каб іх голас быў не толькі пачуты, але каб за гэтым было яшчэ і дзеянне", — піша адзін з чальцоў КР.

"Калегі, у сухім астатку: Кабінет хоча ўспрымаць голас КР як рэкамендацыйны. Усё астатняе — рыторыка. КР мае намер дамагацца рэальнай вагі сваёй кансалідаванай пазіцыі", — заяўляе іншы.

“Ну ж, скажыце: мы тут улада!" — да канца другой гадзіны дэбатаў паміж Кабінетам і Радай карэспандэнтка Еўрарадыё адкінула непрадузятасць і неспадзявана пачала заўзець за КР.

Але чальцы Рады праявілі дыпламатычнасць і сфармулявалі тое ж крыху інакш:

Мы будуем феадальныя прынцыпы адносін або дэмакратычныя? Дэмакратычныя прынцыпы ўключаюць сістэму стрымак, проціваг, падсправаздачнасці, — нагадвае Кавалеўскаму адзін з чальцоў КР.

Калі мы кажам, што прынцыпы дэмакратыі нам важныя, то сістэма стрымак і проціваг — гэта тое, што мы ўжо цяпер можам адно аднаму даць, — дадае сын палітвязня Аляксандра Юрчыка Ігар Юрчык.

Выдатнае завяршэнне, — ухваліў Краўцоў. Да гэтага моманту ўжо нават ён не перажываў, што камусьці тут было сумна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі