Білет ва Украіну, рэпрэсіі, новы пашпарт. Кабінет падвёў вынікі за паўгода
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Беларускія дэмсілы ва ўдары. Не паспеў Зянон Пазняк вярнуцца з Бахмута і абвясціць пра стварэнне Рады бяспекі, як Пераходны кабінет таксама вырашыў нагадаць пра сябе. І нагода ёсць: да фронту, можа, і не даехалі, але ўсё ж паўгода прапрацавалі.
Было б проста свята празрыстасці, калі б не "пытанні бяспекі", якімі многае тлумачылася на абедзвюх канферэнцыях.
Напрыклад, сёння Азараў чарговым разам не змог нічога расказаць пра план "Перамога" — "з меркаванняў бяспекі". Зрэшты, і карэспандэнт Еўрарадыё з меркаванняў бяспекі вымушаная была падчас прэс-канферэнцыі захоўваць ананімнасць і перадаваць пытанні праз мадэратара.
Мінулым разам спікеры прыехалі ў Польшчу і засядалі ў Музеі вольнай Беларусі. Цяпер абмежаваліся зумам. Мабыць , таксама з "меркаванняў бяспекі"? Як-ніяк, у Варшаве цяпер Пазняк.
Чаму Пазняк і Ціханоўская не пагаварылі летам 2020-га?
Зянон Пазняк на прэс-канферэнцыі Кабінета фізічна, можа, і не прысутнічаў, але ва ўсіх, вядома, перад вачыма стаяла карцінка: вось Зянон — у Бахмуце. А прадстаўнікі Кабінета — у зуме. У чым рэч?
Высветлілася, што Ціханоўская не можа проста "купіць білет да Кіева".
— Я не магу туды заехаць. Для таго каб я магла заехаць на тэрыторыю іншай дзяржавы, мне патрэбнае афіцыйнае запрашэнне ад МЗС. І пакуль украінскі бок не гатовы нам такое запрашэнне забяспечыць.
Я думаю, што Зянону Пазняку і яго прыхільнікам такое запрашэнне не патрэбнае. Мне яно патрэбнае, таму што ў мяне статус афіцыйнага госця Літвы, і каб літоўскі бок змог арганізаваць мой візіт у любую краіну — не толькі ва Украіну — патрэбная камунікацыя на ўзроўні МЗС.
Ціханоўская пацвердзіла, што калі атрымае такое запрашэнне, то абавязкова прыедзе ў Кіеў, каб пагаварыць там у тым ліку з прадстаўнікамі палка Каліноўскага. А з Пазняком? На прэс-канферэнцыі па стварэнні Рады бяспекі ён неахвотна, але ўсё ж намякнуў, што мог бы паспрабаваць наладзіць камунікацыю.
Чаму не складвалася да гэтага? Якраз гэтай раніцай беларускі журналіст і палітык Сяргей Навумчык паспрабаваў аднавіць храналогію камунікацыі Святланы Ціханоўскай і Зянона Пазняка ў 2020 годзе.
З публікацыі Навумчыка вынікае, што за лета-2020 Пазняк тройчы спрабаваў выйсці на сувязь з Ціханоўскай. Прасіў даць яму нумар Ціханоўскай. Перадаваў з адказным сакратаром КХП-БНФ нумар уласнага нью-ёркскага тэлефона — разам з кнігай "Нацыянальныя каштоўнасці". А яшчэ група прадстаўнікоў Пазняка прыязджала ў штаб Ціханоўскай і прасіла аўдыенцыі — але не дапрасілася.
Увогуле, кожны раз нехта ўставаў паміж лідарам і лідаркай беларускіх дэмсілаў. Ціханоўская паабяцала высветліць, хто гэта быў.
— Я не памятаю такіх спробаў у 2020 годзе, я была вельмі недаступная. Мой тэлефонны нумар, мой кантакт быў невядомы амаль нікому.
Для мяне гэта быў сюрпрыз — што ён хацеў нейкіх кантактаў. Я паспрабую пагаварыць з людзьмі, якія былі побач са мной у 20-м годзе. Я так разумею, што, паводле словаў [Зянона Пазняка], гэта было яшчэ да таго, як я стала кандыдаткай у прэзідэнты? Але на гэты момант я больш нічога не магу сказаць з нагоды гэтай заявы.
Дзясяты пакет
Пераходзім ад вечных пытанняў да надзённых праблем. Нядаўна Польшча закрыла пункт пропуску "Бераставіца" і не выключыла закрыцця і іншых пунктаў. Ціханоўская сказала, што ўхваляе закрыццё пунктаў пропуску для грузаў, але не для людзей. І перадала слова Паўлу Латушку, які мог бы сфармуляваць тое самае, але больш бескампрамісна.
Падзеі гэтай ночы якраз надалі Латушку рашучасці. "Рабочы рух" і Беларускі расследніцкі цэнтр высветлілі, што на тэрыторыю Літвы заязджае прадукцыя прадпрыемства "Гродна Азот" — то-бок санкцыі не так ужо і працуюць.
— Таму Бруселю неабходна прыняць дзясяты пакет санкцый, у праекце якога закладзеная ліквідацыя максімальнай колькасці "выключэнняў" [дзірак. — Еўрарадыё], якія ствараюць магчымасці для абыходу санкцый у дачыненні да РФ праз тэрыторыю Беларусі.
Узмацняючы ціск на рэжым, мы ставім Лукашэнку ў вельмі жорсткія рамкі і ўмовы. Калі гэта ўдасца рэалізаваць, ён будзе стаяць на двух каленях і будзе гатовы выконваць патрабаванні, якія мы паставілі перад сабой — і перш за ўсё вызвалення палітвязняў.
Журналісты пацікавіліся, ці варта чакаць закрыцця іншых пунктаў пропуску — на латвійскай і літоўскай частцы беларускай мяжы. Латушка параіў звярнуцца з гэтым пытаннем у Літву і Латвію. Але спачатку загадкава намякнуў:
— Мы заклікаем урады Літвы, краін ЕС, ЗША і ўсе дэмакратычныя ўрады падтрымаць гэтае рашэнне Польшчы і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.
“Не ў нас ключы ад турмаў”
Ці дапаможа гэта вызваліць палітвязняў? Ці з'явіліся новыя ідэі ў гэтым кірунку?
Прадстаўніца Кабінета па сацыяльных пытаннях, праваабаронца і былая палітзняволеная Вольга Гарбунова прызнала, што ёй вельмі хацелася б адказаць на гэтае пытанне: так, я ведаю, што рабіць. І гэтым жа пытаннем Вольга і яе суседкі па камеры задаваліся ў СІЗА.
— На жаль, у перамоўным працэсе не прадстаўнікі дэмсілаў недамоваздольныя. Пастаянна розныя прадстаўнікі дэмсілаў публічна кажуць: мы гатовыя да перамоваў. Але для гэтага мусяць быць пэўныя ўмовы і сігналы з боку прадстаўнікоў рэжыму. Усё часцей узнікае гэты запыт з боку родных палітвязняў. Але нельга перакладаць адказнасць адно на аднаго, не ў нас ключы ад турмаў.
— Адным з крокаў можа стаць вызваленне шэрагу палітвязняў, якія цяпер з гуманітарных прычын не мусяць знаходзіцца ў калоніях. Гэта людзі з інваліднасцю, людзі пенсійнага ўзросту, непаўналетнія, шматдзетныя бацькі. А стварэнне такой камісіі [Камісія па разглядзе зваротаў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой. — Еўрарадыё] — гэта дакладна не той крок, які беларускае грамадства счытвае як крок насустрач, — сказала Гарбунова.
Павел Латушка, відавочна, занепакоіўся, ці дастаткова бескампрамісна ўсё гэта гучыць, і на ўсялякі выпадак дадаў:
— Вось наша ўчорашняя заява. Зачытаю. "Лічым магчымым пачатак любых перамоўных працэсаў з рэжымам Лукашэнкі толькі пасля поўнага спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў з гуманітарнага спісу ў якасці першага кроку з боку рэжыму".
“Атрымаецца нешта зрабіць ці не атрымаецца? Гэта невядома. Але мы будзем старацца”
Азараў сказаў, што цяпер "Байпол" разам з украінцамі працуе над тым, каб Лукашэнка не ўступіў у сухапутную аперацыю. Але дэталяў не расказаў, таму што "гэтая інфармацыя сакрэтная, не для Церцеля, а толькі для нас".
— Мы працуем і будзем працаваць. Атрымаецца нешта зрабіць ці не атрымаецца? Гэта невядома. Але мы будзем старацца, каб усё атрымалася, каб Беларусь не ўступіла ў вайну.
Журналістка Zerkalo чарговым разам папрасіла Азарава хоць што-небудзь расказаць пра план "Перамога", назваць "хаця б нейкія вынікі працы ў гэтым кірунку, агульнымі словамі".
— Ну, план першапачаткова распрацоўваўся пад іншыя ўмовы, калі не было вайны ва Украіне, і ніхто не думаў, што яна будзе. Таму цяпер мы займаемся перафарматаваннем плана.
Многія кажуць: чаму вы не запусцілі яго? План не запускаецца пад пэўныя даты, ён можа быць запушчаны толькі пад пэўныя падзеі. Калі беларусы будуць гатовыя ў краіне нешта рабіць. Не як цяпер — сядзець па дамах і баяцца.
Калі цяпер запускаць план, людзі паглядзяць у акно і падумаюць: няхай хтосьці ідзе, я потым пагляджу. А мы мусім скарыстацца сітуацыяй, калі людзі захочуць зноў выходзіць на вуліцы, пратэставаць, і пачнуць прасіць план нейкі. Дайце нам загады, указанні, што мы мусім зрабіць. Такога ў жніўні не было: людзі проста бязмэтна хадзілі з аднаго канца вуліцы ў іншы. Таму мы мусім быць гатовыя да гэтага моманту, мы чакаем гэтага моманту.
Але цяпер <...> запускаць план — гэта самагубства. Таму мы чакаем пэўнага спрыяльнага моманту.
Карэспандэнт Еўрарадыё выказала здагадку, што адчуванне моманту ў Азарава і беларусаў унутры краіны могуць пэўным чынам адрознівацца. І пацікавілася, які сцэнар "Байпол" разглядае як "пажаданы" або "спрыяльны".
— Не варта называць сцэнары "пажаданымі" або "непажаданымі". Таму што яны могуць быць і крывавыя — гэтыя сцэнары. Казаць, што яны "пажаданыя", будзе нядобра, — здагадаўся Азараў. — Ну, напрыклад, цяпер мы думаем, што калі Лукашэнка ўступіць у сухапутную ваенную аперацыю, адправіць войскі ва Украіну, то гэта можа ўзрушыць беларускае грамадства. Вось гэта найбліжэйшае, што можа адбыцца. Тады паглядзім, страпянецца беларускае грамадства ці не.
Карэспандэнт Еўрарадыё зусім заблыталася: дык чакае Азараў, калі Лукашэнка ўступіць у вайну, ці працуе над тым, каб "не ўступіў"? Мы адправілі ўдакладняльнае пытанне, але, на жаль, адказу на яго ў рамках прэс-канферэнцыі атрымаць не паспелі.
Пашпарт “добрага беларуса”
Прадстаўнік Кабінета Валерый Кавалеўскі запэўніў, што праект такога дакумента падтрымлівае Еўракамісія.
— Праца над пашпартам пачалася даўно, гэта было адно з самых папулярных пытанняў да Офіса Святланы Ціханоўскай. Тэма вострая. Створаная група са спецыялістаў па геральдыцы, гісторыкаў, дызайнераў. Мы атрымалі падтрымку ад прыватных беларускіх донараў. Усе сродкі на гэтую ініцыятыву былі выключна беларускія.
Дызайн дакумента ўжо распрацаваны. Ён адпавядае патрабаванням ІКАО — то-бок можа быць прыдатны не толькі для пацверджання беларускага грамадзянства, але і для выкарыстання ў паездках.
Тэарэтычна гэты дакумент змогуць прымаць афіцыйныя органы пэўных краін. У праекта ёсць перспектыва, запэўніў Кавалеўскі. Але "ўсе дэталі" ён раскрываць пакуль не можа. Не "з меркаванняў бяспекі". Проста пакуль не зразумела, ці атрымае ініцыятыва падтрымку нацыянальных дзяржаў Еўрасаюза. Лёс праекта будзе залежаць менавіта ад іх пазіцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.