Эканаміст: За павышэнне зарплат Беларусі трэба праесці “фамільнае срэбра"

120828 Zlotnikau s.mp3

Еўрарадыё: Старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жана Рамановіч заявіла, што сярэднемесячная заработная плата ў Мінску да канца гэтага года дасягне ледзь не 5-ці мільёнаў. Гэта нават не абяцаныя раней “пяцьсот долараў”, а сямсот. Наколькі рэальныя гэтыя лічбы?


Леанід Злотнікаў: Я б не сказаў, што гэта будзе 700 долараў. Трэба адрозніваць долар намінальны ад рэальнага. Калі ў ліпені заробак у сярэднім у Беларусі — 450 долараў, то ў рэальных доларах — 386. Што значыць “у рэальных доларах”? Параўноўваючы са студзенем, намінальны долар вырас на 29%, але ў той жа час  рост коштаў знізіў пакупніцкую здольнасць долара. Прасцей кажучы, сёння на 386 долараў можна купіць столькі, колькі можна было купіць ў пачатку года на 450. Таму ў рэальных доларах заробак будзе не 700 долараў, а крыху болей за 500. Насельніцтва звычайна не адрознівае намінальных і рэальных долараў, але трэба ўлічваць, што пакупніцкая здольнасць долара сёлета падае. Таму, калі намінальна ён вырас, то рэальна ён вырас таксама,  але не на столькі.

Еўрарадыё: Савет міністраў у сваю чаргу прыняў рашэнне пра павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду да 225 тысяч беларускіх рублёў. Ці можа гэта істотна паўплываць на стан нашай эканомікі, улічваючы, што большасць экспертаў лічыць цяперашнюю сітуацыю даволі стабільнай?


Леанід Злотнікаў: Адразу нагадаем, што заробак павінен вырасці прыкладна на 50 адсоткаў у доларавым вымярэнні у параўнанні з пачаткам году. То бок, калі ў студзені заробак сярэдні быў 345 долараў, то рост павінен быць прыкладна на 50 адсоткаў. А рост прадукцыйнасці працы, якім вымяраецца рост ВУП — 5 адсоткаў. Уявіце сабе задачу: той пірог ВУП, які усе дзеляць паміж сабой — на інвестыцыі, на заробкі, і на бюджэт — павялічыўся на 5 адсоткаў. А кавалак пірага, які будзе спажываць насельніцтва, павінен вырасці на 50 адсоткаў. Па гэтых лічбах адразу бачна, наколькі насельніцтва будзе спажываць больш, чым дазваляе эканоміка. Гэта не натуральны рост рэальнага спажывання насельніцтва. Гэты рост можа  быць часткова за кошт таго,  што перасталі рабіць інвестыцыі, якія рабіліся раней. Але без мадэрнізацыі эканомікі пірог будзе памяншацца. Падтрымалі рост рэальных даходаў і за кошт таго, што Нацбанк штучна стрымлівае інфляцыю. Грашовая маса ў абароце вырасла на 37 адсоткаў, а інфляцыя вырасла на 11 адсоткаў. Зразумела, што грашовая маса перавысіла рост ВУП, а Нацбанк штучна стрымлівае інфляцыю тым, што не дае грашовай масе трапіць у абарот. Калі б не гэтае стрымліванне — заробак так моцна не вырас бы. Але доўга так нельга стрымліваць. Давайце ўявім сабе наступны год. Заробак быў 345, стаў 500. А як падтрымліваць гэты высокі ўзровень у наступным годзе, адкуль браць рэсурсы? Можна пазычыць, але шмат нам цяпер не дадуць. Можна прадаць “Беларуськалій” і на адзін год павысіць заробак, а што далей? Вядома, тое што зараз робіцца — непад’ёмна для Беларусі. Можна штучна пратрымацца да канца года, але далей я не бачу, за кошт чаго можна трымацца.

Еўрарадыё: Што ў такім выпадку пагражае беларусам? Можна казаць пра чарговую дэвальвацыю?

 

Леанід Злотнікаў: Я прывёў лічбы. Можна зрабіць адтэрміноўку, мы можам і не праваліцца, але для гэтага трэба радыкальна мяняць эканамічную палітыку, ісці на сур’ёзную прыватызацыю і на першы час, можа, нават даходы ад прыватызацыі праесці, але за гэты час павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі, мадэрнізаваць яе. Калі мы будзем праводзіць рэформы, якіх ад нас чакаюць і МВФ, і Расія, яны дапамогуць нам крэдытамі. Спажыванне тады знізіцца, але не настолькі, як падчас дэвальвацыі 2011 года. Калі гэтых рэформаў не будзе, калі дапамогі не будзе, калі буйных даходаў ад прыватызацыі не будзе, тады, на маю думку, дэвальвацыя непазбежная.

Еўрарадыё: Наколькі небяспечна цяпер трымаць грошы ў беларускіх банках?


Леанід Злотнікаў: Вядома, цяпер трэба ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў эканоміцы. Можа, яна і будзе змяняцца. Але мне падаецца, што яна застанецца такой, як ёсць. Насельніцтва і так ужо асцярожна трымае грошы.  У апошні час рублёвыя дэпазіты менш раслі, чым  валютныя. Людзі пачынаюць прытрымлівацца валютных дэпазітаў як больш надзейных. Калі будзе буйная дэвальвацыя, то і валютныя рахункі могуць пацярпець.

Фота: belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі