Экс-гульца зборнай па футболе будуць судзіць за арганізацыю дамоўнага матча
Следчы камітэт завяршыў расследаванне дамоўнага матча ў чэмпіянаце Беларусі па футболе. За спробу подкупу прафесійнага гульца клуба першай лігі быў затрыманы 44-гадовы ўраджэнец Магілёва. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра экс-футбаліста Віталя Ланько.
Гаворка ідзе пра гульню "Нафтан" — "Лакаматыў", прызначаную на 29 жніўня 2021 года. Мужчына хацеў гарантаваць сабе выйгрыш па стаўках на гэты матч і дамовіўся з гульцом адной з камандў, каб яна прайграла за 5000 долараў.
"Дзякуючы суладным дзеянням праваахоўнікаў супрацьпраўныя дзеянні фігуранта спыненыя", — рапартуе Следчы камітэт.
Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя паводле арт. 14, ч. 2 арт. 253 (замах на подкуп удзельніка спартыўнага спаборніцтва, здзейснены паўторна) Крымінальнага кодэкса.
Паведамляецца, што затрыманы — экс-гулец зборнай па футболе, таму ён ведае пра незаконнасць такіх дзеянняў. Да таго ж, раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за аналагічныя злачынствы. А падчас адбыцця пакарання ў папраўчай установе сталіцы здзейсніў новае злачынства.
Дарэчы, падчас следства былі выяўленыя парушэнні з боку іншых гульцоў. Іх пакарала сама Федэрацыя футбола. Адзін футбаліст дыскваліфікаваны на адзін год і аштрафаваны на 100 базавых велічыняў (2900 рублёў). А другога прызналі асобай непажаданай для мэт дзейнасці Асацыяцыі, бо ён раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўдзел у дагаворным матчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.