Экс-загадчыцу кафедры магілёўскай ВНУ вінавацяць за антываенныя допісы
Следчы камітэт / sb.by
У Магілёве пачалі крымінальную справу на 47-гадовую загадчыцу кафедры адной з мясцовых ВНУ, паведамляе Следчы камітэт.
У сакавіку-красавіку 2022 года, як заяўляюць следчыя, жанчына на сваёй старонцы ў адной з сацсетак публікавала антываенныя допісы: "Не саромеючыся ў сваіх выказваннях у адносінах да беларусаў, рускіх і ваеннаслужачых, дама заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам і прычыненнем ім шкоды". На гэта звярнулі ўвагу мясцовыя кадэбісты.
Паведамляецца, што жанчына амаль 20 гадоў адпрацавала ў адной з магілёўскіх ВНУ, мае навуковую ступень.
У яе дома прайшлі ператрусы, канфіскавалі камп'ютарную тэхніку і мабільныя прылады. Следчыя правялі допыты сваякоў.
Жанчыне выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці) Крымінальнага кодэкса. Выкладчыцу ВНУ ўзялі пад варту.
Праваабаронцы кажуць, што гаворка ідзе пра кандыдата біялагічных навук Наталлю Мартусевіч, дацэнта Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Куляшова. Жанчыну затрымалі ў сакавіку 2023 года.
За апошні час гэта не адзіны прыклад пераследу сярод навукоўцаў Магілёва. У студзені быў затрыманы прафесар, доктар сацыялагічных навук Юрый Бубнаў. Яго асудзілі на 2 гады калоніі за навуковы артыкул, у якім разглядаліся пратэсты 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.