Эксперт: Праблемы з выбарамі могуць узнікнуць у дзвюх абласцях Украіны
За тры дні да выбараў прэзідэнта пад кантролем сепаратыстаў працягвае знаходзіцца траціна Данецкай і Луганскай абласцей.
“Прагаласаваць можна будзе ў нас, у Мінску, а таксама ў генеральным консульстве Украіны ў Брэсце”, — расказалі Еўрарадыё ў амбасадзе Украіны ў Беларусі.
Сярод найбольш імаверных пераможцаў будучых выбараў украінскія эксперты і сацыёлагі называюць бізнесмена Пятра Парашэнку і былую прэм’ер-міністра Украіны Юлію Цімашэнку. Іх рэйтынг — адпаведна 30% і 10%. Рэшта кандыдатаў мае рэйтынгі, ніжэйшыя за 6%. Ва ўкраінскай амбасадзе кажуць, што ў Беларусі пазачарговыя выбары не будуць нічым адрознівацца ад звычайных – ніякіх спецмер не прадугледжана.
Чаго не скажаш пра саму Украіну. Палітолаг Уладзімір Фясенка ў каментарыі Еўрарадыё прызнаецца, што праблемы з правядзеннем выбараў узнікнуць як мінімум у дзвюх усходніх абласцях краіны.
“Праблема з правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў будзе толькі ў дзвюх абласцях — Данецкай і Луганскай. Так, будуць правакацыі з прымяненнем прарасійскіх сіл. Але праблемы могуць узнікнуць толькі ў двух абласцях”.
Словы эксперта пацвярджаюць падзеі ў ноч з 21 на 22 траўня. На мяжы Луганскай вобласці з Расіяй у баях з сепаратыстамі загінула восем украінскіх вайскоўцаў — рэкордная лічба ад пачатку адкрытага ўзброенага супрацьстаяння. З Марыупаля прыходзяць звесткі пра як мінімум тры захопленыя узброенымі людзьмі участкі для галасавання.
Аднак выбары будуць лічыцца законнымі, нягледзячы на магчымасць іх зрыву ў некаторых раёнах Луганшчыны і Данеччыны. Уладзімір Фясенка расказвае, што змены ў заканадаўстве прадугледжваюць такую магчымасць.
“Больш за тое, папраўкі ў Выбарчы кодэкс Украіны прадугледжваюць, што ў выпадку правакацый і парушэння выбарчага працэсу можна будзе пераносіць пасяджэнні камісій у іншыя рэгіёны, арганізоўваць галасаванне там. То бок, няма абмежаванняў”.
Тым часам частка экспертаў лічыць, што Пётр Парашэнка можа перамагчы ўжо ў першым туры — каля чвэрці выбаршчыкаў ў сацыялагічным апытанні заявілі, што яшчэ не вызначылася са сваім выбарам. Калі ж за бізнесмена 25 траўня прагаласуе менш за 50% выбаршчыкаў, будзе прызначаны другі тур. Ён можа прайсці 8 чэрвеня.
Фота informaplus.ru