Эксперт: У Беларусі шмат слабых месцаў для пачатку гібрыднай вайны

Цалкам размову з Яўгена Магдай можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Яўген Магда, кандыдат палітычных навук, кіраўнік украінскага Цэнтра грамадскіх адносінаў, аўтар кнігі з аналізам “гібрыднай вайны” ва Украіне.

Еўрарадыё: Шмат размоў пра “гібрыдную вайну” ва Украіне, але дакладнага вызначэння, што ж гэта за вайна такая, няма…

Яўген Магда: Гібрыдная вайна — гэта сукупнасць ваенных, інфармацыйных, эканамічных і іншых дзеянняў адной дзяржавы па падпарадкаванні сабе іншай дзяржавы, якая не прадугледжвае поўнай ліквідацыі суверэнітэту дзяржавы. Але пры гэтым і не прадугледжвае аб’яўлення вайны ў тым выглядзе, як гэта прадугледжана нормамі міжнароднага права. Можна сказаць, што “гібрыдная вайна” — гэта наступства развіцця інфармацыйных тэхналогій, якія ўзмацнілі інструменты ўплыву. На мой погляд, гібрыдная вайна ідзе не за тэрыторыі, а за розум і свядомасць людзей. Бо яшчэ адна асаблівасць гібрыднай вайны ў тым, што большая стаўка робіцца на ўнутраныя выступленні, разгойдванне сітуацыі, чым на танкавыя кліны і авіяўдары.

Еўрарадыё: І пачынаецца такая вайна менавіта з інфармацыйнага нападзення на ахвяру?

Яўген Магда: Наруральна. У выпадку з Украінай мы бачым, што дзякуючы таму інфармацыйнаму цунамі, што абрынлася і на нас, і на грамадзян Расіі, Беларусі, і актыўна распаўсюджвалася па ўсім свеце, мы сталі другімі пасля амерыканцаў ворагамі расіян. Прычым, яшчэ падчас Еўрамайдана было здзейсненае дастаткова сур’ёзнае ўздзеянне на розум і ўкраінцаў, і расіян. Да прыкладу, год таму, падчас анексіі Крыма, і тэлеканалы, і інфармацыйныя агенцтвы Расіі не грэбавалі распаўсюджаннем відавочнай дэзінфармацыі пра стан спраў у Крыме.

Еўрарадыё: На прыкладзе Украіны паспрабуем вызначыць доўгатэрміновасць планаў у гібрыднай вайне — калі пачаліся інфармацыйныя атакі на вашу краіну?

Яўген Магда: Розныя элементы гібрыднай вайны выпрабоўваліся на Украіне яшчэ пасля “аранжавага Майдана” 2004 года. Калі ў Расіі з’явіліся розныя рухі накшталт “Нашы” і гэтак далей, якія дзейнічалі ў інтарэсах Крамля. А з іншага боку з’явіліся розныя элементы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў інфармацыйнай сферы. Потым былі заявы Пуціна пра тое, што “Расія б выйграла Другую сусветную вайну і без Украіны”. Унутры Украіны падчас прэзідэнцтва Януковіча актыўна ўзнімалася тэма рускай мовы і яе прыгнёту. Такіх фактаў ёсць шмат, і я іх дастаткова апісваю ў сваёй кнізе, якая выйдзе напрыканцы красавіка.

Еўрарадыё: Вы цяпер уважліва вывучаеце расійскую інфармацыйную прастору — не заўважылі прыкмет пачатку першай, інфармацыйнай фазы гібрыднай вайны супраць Беларусі?

Яўген Магда: У Беларусі ўжо доўгі час знаходзіцца пры ўладзе адзін чалавек. Прычым, Лукашэнка пастаянна манеўруе паміж Усходам і Захадам і можна казаць, што супраць яго прымяняюцца не элементы інфармацыйнай вайны, а, хутчэй, абмежаваныя інфармацыйныя закіды. У тыя моманты, калі Лукашэнка спрабуе дэманстраваць сваё бачанне той ці іншай пазіцыі, яму хутка ў інфармацыйнай сферы пагражаюць пальцам і спрабуюць паставіць на месца. Мяркую, што калі бліжэйшым часам ён будзе паслядоўным у сваім ваганні паміж Еўрасаюзам і Расіяй, то расійскія СМІ будуць спрабаваць ставіць яго на месца. Гэтага я чакаю ў кантэксце саміту Усходняга партнёрства, на якім, не выключана, Аляксандр Рыгоравіч ўсё ж з’явіцца ў якасці “дарагога госця”.

Як вядома, Еўрасаюз не збіраецца зачыняць дзверы для вашай краіны і будзе ісці дастаткова цікавая дыпламатычная гульня. А Расія ў гэтым выпадку максімальна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь заставалася ў сферы яе ўплыву. А я чую пра тое, што ў вас нібыта адбываецца паступовая беларусізацыя школ, што ў ваенным кіраўніцтве адбыліся змены на карысць этнічных беларусаў — гэта сведчанне таго, што афіцыйны Мінск назірае за сітуацыяй ва Украіне і спрабуе яе вывучаць і выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах.

Еўрарадыё: А тыя скандальныя фільмы “Хросны бацька” вы таксама лічыце менавіта “абмежаваным інфармацыйным закідам”, а не элементам і пачаткам гібрыднай вайны супраць Беларусі?

Яўген Магда: Па вялікім рахунку, адно другое не выключае. Бо сказаць, што ёсць дакладныя параметры вядзення гібрыднай вайны, нельга. Яна тым і адрозніваецца ад традыцыйнай вайны, што можа быць не падобнай на вайну. На вайну яна становіцца падобнай толькі па факце адкрытай агрэсіі. І пакуль Лукашэнка ў сілу свайго характару знаходзіцца ў абмене заявамі з расійскім кіраўніцтвам, ён можа быць дастаткова спакойным. Ды і Расія не рызыкне ўвязвацца ў яшчэ адну такую вайну пакуль адбываецца актыўная фаза супрацьстаяння на ўсходзе Украіны. Весці вайну на некалькі франтоў, нават гібрыдную, — праблематычна.

Еўрарадыё: На якім этапе і па якіх прыкметах можна даведацца, што супраць вас распачатая гібрыдная вайна?

Яўген Магда: Ва Украіне мы гэта ўбачылі разам са з’яўленнем “зялёных чалавечкаў” у Крыме. На жаль, у большай ступені па віне ўкраінскай улады за гады незалежнасці Крым так і не стаў цалкам украінскім — ён быў слабым звяном, і таму не дзіўна, што адбылася такая агрэсія. І Беларусі варта падумаць: ёсць у яе слабае звяно, і якое? Я разумею, што для часткі беларускай апазіцыі самае слабае звяно — гэта Лукашэнка, але давайце зыходзіць з таго, што ва ўмовах знешняй агрэсіі давядзецца рабіць патрыётам для абароны сваёй радзімы. Калі яны, вядома, лічаць гэта неабходным.

Еўрарадыё: Але ці ёсць нейкі знак, па якім пачатак вайны можна вылічыць?

Яўген Магда: Калі вы ўбачыце, што рэзка вырасла колькасць негатыўных згадак Беларусі ў расійскіх СМІ, калі вы будзеце бачыць публікацыі ў беларускіх СМІ відавочна прарасійскія, калі вы будзеце бачыць інфармацыйныя закіды, якія не маюць рэальнага падмурку, але тым не менш, якія штучна ўпрыскваюцца ў інфармацыйную прастору — гэта прыкметы гібрыднай вайны, якіх варта асцерагацца.

Еўрарадыё: На фоне падзей ва Украіне і напярэдадні саміту Усходняга партнёрства, ці існуе небяспека пачатку гібрыднай вайны пад сцягам пашырэння межаў “рускага міра” супраць Беларусі, Казахстана ці якіх іншых постсавецкіх краін?

Яўген Магда: Небяспека дастаткова вялікая, у тым ліку, нават і для краін Балтыі. Нагадаю, што восенню 2014 года краіны Балтыі наведалі Брак Абама і Ангела Меркель. Мяркую, вы разумееце, што пры ўсёй павазе да Літвы, Латвіі і Эстоніі, гэтыя краіны не з’яўляюцца першачарговымі ў знешнепалітычнай павестцы дня ЗША і Германіі. Але там магчымае разгойдванне сітуацыі, ужо ідуць размовы пра стварэнне “народнай рэспублікі” на тэрыторыі Латвіі, могуць разыгрываць “польскую карту” ў Літве. Проста не варта забывацца, што 5 артыкул Вашынгтонскай дамовы пра ўзаемнаю абарону краін NATO не прадугледжвае такой узаемнай дапамогі ў выпадку ўнутранага канфлікту. Таму і Расія прасоўвае тэму менавіта грамадзянскай вайны на Данбасе. Таму і беларусам я параіў бы ўважліва паглядзець на сітуацыю ўнутры краіны на тэму з’яўлення прыкмет якой Гродзенскай народнай рэспублікі ці Слонімскай.

Еўрарадыё: Знайшлі мы свой беларускі Крым, і што з ім рабіць?

Яўген Магда: Рабіць больш зразумелай, больш празрыстай і больш дэмакратычнай дзяржаўную палітыку. Я разумею, што гэты рэцэпт выглядае сёння даволі ўтапічным, але ён на самой справе не мае альтэрнатывы.

Еўрарадыё: Перасаджаць усіх — чым не альтэрнатыва?

Яўген Магда: Разумееце, закручванне гаек, як мы бачым на прыкладзе Расіі, дзе 86% насельніцтва задаволеныя Пуціным, сведчыць пра тое, што там плануюць будаваць альбо аўтабан, альбо канцлагеры. Прычым, шансы на канцлагеры вышэйшыя. Я бы не хацеў, каб беларусы з-пад улады аднаго аўтарытарнага кіраўніка патрапілі пад уладу іншага аўтарытарнага кіраўніка, дзе ў іх не будзе ўвогуле ніякіх шансаў на нацыянальную ідэнтычнасць. Трэба такія пытанні не спрабаваць вырашыць рэпрэсіўнымі мерамі, а ствараць разумную альтэрнатыву. Вы бачылі, якім жоўта-блакітным стаў Кіеў? Гэта ініцыятыва не дзяржаўная, а знізу. Думаю, калі б Лукашэнка знайшоў магчымасць вярнуць Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг, то ён бы прадэманстраваў тое, што ён бачыць пэўныя пагрозы, і што не хоча стаць суб’ектам федэрацыі ў складзе Расіі.

Еўрарадыё: Заўважылі мы, што супраць нас пачалася гібрыдная вайна — што рабіць?

Яўген Магда: Не толькі займацца ўзмацненнем беларускага кампаненту ў грамадска-палітычным жыцці ў якасці пэўнага супрацьяддзя, але патрэбны і больш актыўны ўдзел грамадзян у кіраванні краінай. Заўважу, што з 2010 года прэзідэнт Януковіч меў амаль такія магутныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы, як і Аляксандр Лукашэнка. Але гэта не перашкодзіла Украіне стаць ахвярай гібрыднай вайны. А ў Беларусі шмат слабых месцаў. Тыя ж чарговыя прэзідэнцкія выбары — гэта дастаткова крытычны момант для любой дзяржавы, гэта заўжды крызіс. Такім слабым месцам можа стаць палітыка дзяржавы адносна католікаў, большасць якіх знаходзіцца на захадзе краіны. Таксама гэта адносіны ў газавай і энергетычнай сферах. Ведаеце, для таго, хто хоча развязаць гібрыдную вайну, ёсць дзесяткі шляхоў і дзесяткі слабых месцаў краіны-ахвяры, а супрацьдзейнічаць гэтаму можна толькі шляхам унутраных змен краіны. Аб’ект гібрыднай вайны павінен навучыцца змяняцца так, каб весці супраць яго гібрыдныя баявыя дзеянні было праблематычна.

Зразумела, трэба адпаведна рыхтаваць армію, але справа не толькі ў ваенным складніку. Справа і дыпламатычным складніку — барацьбе на міжнароднай арэне, павышэнні ўласнага аўтарытэту. Беларусі неабходна ўзмацняць свае пазіцыі на міжнароднай арэне і пазбаўляцца той бліскучай ізаляцыі, у якой яна знаходзіцца. Эканамічны складнік — пошукі новых рынкаў і змяншэнне залежнасці ад расійскіх рынкаў і расійскіх энергарэсурсаў. Інфармацыйны складнік — для ўкраінскіх СМІ іх фінансавыя інтарэсы апынуліся важнейшымі за інтарэсы нацыянальныя і дзяржаўныя. Усё неабходна выкарыстоўваць, і рабіць так, каб тэма абароны краіны была відавочнай і зразумелай як мага большай колькасці яе грамадзян. Асабліва ва ўмовах таго, што Беларусь, да прыкладу, не кантралюе сваю газатранспартную сістэму, што ёсць моцны ўплыў расійскіх тэлеканалаў, што ў краіне дамінуючыя пазіцыі рускай мовы. Гэта для Расіі фактары ўплыву на Беларусь, а для Беларусі — фактары пагрозы. Вам неабходна вырашаць гэтыя пытанні і шукаць на іх адказы.

Еўрарадыё: Але пералічаныя фактары ёсць, а каб дзяржава спрабавала іх вырашаць — гэтага не бачна…

Яўген Магда: Але пазбаўляцца гэтых пагроз абавязкова неабходна. Гістарычная памылка Украіны ў тым, што эліты былі ўпэўненыя — Расія на нас ніколі не нападзе. І гэтая памылка павінна быць павучальнай для Беларусі. Я разумею, што ў адзін момант усе гэтыя пагрозы не вырашацца, і вельмі высокая верагоднасць таго, што пачаўшы нешта рабіць, можна справакаваць негатыўную рэакцыю з боку Расіі, але з іншага боку, калі не прымаць нейкія прэвентыўныя меры, то Расія дакладна возьме сваё па поўнай праграме. 

Фота з архіва Яўгена Магды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі