Эксперт Y-Peer Зміцер Кароль: Падлеткі больш не лічаць секс цікавым

Эксперт Y-Peer Зміцер Кароль: Падлеткі больш не лічаць секс цікавым

З наступнага навучальнага года ў беларускіх школах з’явіцца факультатыў “Асновы сямейнага жыцця”. Так Мінадукацыі збіраецца фарміраваць у старшакласнікаў “каштоўнаснае стаўленне да інстытуту шлюбу і сям’і”. На факультатыве будуць абмяркоўваць фізіялагічныя і псіхічныя адрозненні хлопцаў і дзяўчат, дашлюбныя адносіны, выбар партнёра і іншыя тэмы.

У Беларусі ўжо ёсць трэнінгі пра падлеткавую сексуальнасць — іх па методыцы “роўны навучае роўнага” ладзіць сусветная сетка Y-Peer. Пра цікаўнасць старшакласнікаў да тэмы сексу, забабоны беларусаў і карысць новага факультатыву Еўрарадыё распавядае нацыянальны каардынатар Y-Peer у нашай краіне, доктар Зміцер Кароль.

Дзеці займаюцца сексам, нягледзячы на тое, што бацькі пра яго маўчаць

Нашы бацькі ведалі сваё месца ў жыцці. Ты мусіш жыць так і так, рабіць тое і тое, адпавядаць чаканням. Такое мысленне часта сустракаецца і сёння. Але, калі бацькі адмаўляюцца ад сексуальнасці сваіх дзяцей, калі кажуць, што яны не займаюцца сексам, і нават пытанняў “пра гэта” ў іх не ўзнікае, гэта не значыць, што падлеткі не займаюцца сексам. Проста яны не размаўляюць пра гэта з бацькамі, і іх пытанні пераходзяць у праблемныя псіхалагічныя аспекты. Для таго, каб чалавека зрабіць здаровым, каб ён заставаўся ў стане не толькі фізічнага і псіхічнага здароўя, а яшчэ і сексуальнага, каб ён не атрымаў інфекцыю, непажаданую цяжарнасць у падлеткавым узросце, існуём мы.

Y-peer — міжнародная моладзевая сетка, якая прапагандуе здаровы лад жыцця праз методыку, калі роўны навучае роўнага. Яна накіраваная на тое, каб маладыя людзі бралі адказнасць за сваё здароўе. Сетка ўтвораная па ініцыятыве ААН у 1999 годзе, фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) ў сваю чаргу распрацаваў інтэрактыўныя методыкі, якія прызналі міністэрствы аховы здароўя розных краін — гэта дэбаты, форум-тэатр і ларпы.
У Беларусі Y-peer існуе дзесяць гадоў. Сетка рыхтуе валанцёраў, якія праходзяць трэнінгі ў адмысловых школах, а потым самі ідуць у школы, каб перадаваць свае веды далей.

Ці гатовая школа размаўляць з падлеткамі пра секс? Залежыць ад школы, ад кантэксту. Але збольшага настаўнікі самі не маюць сексуальнай адукацыі. Умоўнай Святлане Сцяпанаўне з Магілёва складана растлумачыць дзецям, з якой праблемай яны могуць сутыкнуцца пры неабароненым сексе. Яна не можа распавесці пра ўсе аспекты ганарэі і іншых інфекцый. Да таго ж, дзецям будзе не вельмі зручна чуць, калі настаўніца пачне казаць, што сексуальнасць — гэта натуральная частка жыцця, і што кожны чалавек мае права на здаровыя стасункі. Калі гэтая інфармацыя перадаецца ад падлеткаў падлеткам, як у выпадку з нашай сеткай, гэта больш камфортная сітуацыя.

Я вельмі рад, што ў школах уводзіцца факультатыў, які хоць і называецца “Асновы сямейнага жыцця”, але, калі паглядзець змест праграмы, там ёсць месца для дэбатаў. Тэмы, якія закране факультатыў, падобныя да таго, што даём мы на нашых трэнінгах, хаця, вядома, у нас няма настолькі моцнага прасямейнага духу. Але і ў праграме факультатыва няма такога, што “сям’я — гэта ячэйка грамадства, і толькі яна адна”.

На трэнінгах, якія мы праводзім, няма дарослых — бацькоў і настаўнікаў, таму падлеткі раскрываюцца і распавядаюць, што іх турбуе. Як урачы, як псіхолагі, мы можам падказаць, куды звярнуцца, дзе атрымаць дапамогу, і мы робім гэта так, каб дзеці маглі перадаць гэтую інфармацыю далей — так працуе peer to peer education. А якім чынам інфармацыя будзе давацца падлеткам на факультатыве, як будзе раскрывацца тэма сексуальнасці, тэма стасункаў, залежыць ад выкладчыкаў.

Эксперт Y-Peer Зміцер Кароль: Падлеткі больш не лічаць секс цікавым
Валанцёры Y-peer з расійскай мадэллю Наталляй Вадзянавай падчас яе візіту ў Мінск. Сумесна з фондам ААН у галіне народанасельніцтва Наталля прадставіла праграму #LetsTalkAboutIt (#Давайтепоговоримобэтом). www.facebook.com/ypeerbelarus/

Дзеці бачаць у сацыяльнай рэкламе прэзерватыў, але не разумеюць, што з ім рабіць

У школах падлеткі нам часта задаюць пытанні наконт стасункаў дзяўчат і хлопцаў, уступлення ў сексуальныя кантакты, пытаюцца пра інфекцыі і кантрацэпцыю. Яны бачаць прэзерватыў у рэкламе кшталту “Захавай сабе жыццё”, але не вельмі разумеюць, што з ім рабіць.

У сусветнай практыцы ёсць трэнажоры, на якіх можна паказаць, як карыстацца прэзерватывам. Мы не можам такія замовіць, бо ў нашым рэгіёне іх складана знайсці. Замаўляць у сексшопах — гэта крыху іншае. Сутнасць жа не ў візуальным вобразе, а ў тэхніцы. Але ёсць для гэтага бананы…

Сексуальную асвету трэба пачынаць з малых гадоў. Але гэта не значыць, што адразу неабходна даваць тлумачэнне, што такое секс як від дзейнасці. Інфармацыю трэба даваць у залежнасці ад узросту і ў адпаведным аб’ёме. Дзяцей не цікавіць секс як менавіта фізічная практыка, як працэс. Іх значна больш цікавіць знешні выгляд мужчын і жанчын, анатомія. Калі ж казаць дзецям, што гэта ўсё шкодна, што гэта сорамна, у будучыні з’яўляюцца заціснутыя дарослыя, якія не разумеюць, што такое сексуальна-рэпрадуктыўнае здароўе.

Рана ці позна падлеткі ўсё роўна пачнуць займацца сексам — гэта непазбежна. Але, калі яны будуць валодаць інфармацыяй аб інфекцыях, калі будуць ведаць, як надзяваюць прэзерватыў, яны будуць выкарыстоўваць гэтыя веды падчас свайго першага кантакту з чалавекам, з якім яны хочуць мець гэты кантакт. Падлеткам трэба даць зразумець, што яны могуць уступіць у сексуальныя стасункі тады, калі гатовыя да гэтага — тады яны не будуць гэта рабіць пад уплывам сацыяльнага прэсінгу ці з-за таго, што “ўсе астатнія ўжо паспрабавалі, а я адзін/адна засталася не пры справе”.

У свой час статыстычныя даследаванні па базе ПТУ рабіў медыцынскі ўніверсітэт. Там было добра паказана, што ў тых навучальных ўстановах, дзе праводзіліся трэнінгі па сексуальным і рэпрадуктыўным здароўі, значна паменшылася колькасць захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.

Эксперт Y-Peer Зміцер Кароль: Падлеткі больш не лічаць секс цікавым
Так выглядаюць трэнінгі Y-peer у школах

У адных рэгіёнах Беларусі лічаць, што мастурбацыя прыводзіць да слепаты, у іншых — што да глухаты

У грамадстве дагэтуль існуюць забабоны, якія тычацца мастурбацыі. Напрыклад, што мастурбацыя прыводзіць да слепаты і глухаты: у розных рэгіёнах Беларусі па-рознаму. Думаю, што людзі, якія сёння абменьваюцца інфармацыяй, могуць зразумець, што калі ў Магілёўскай вобласці гэта прыводзіць да слепаты, а ў Віцебскай да глухаты, дык штосьці тут не так. Таксама ёсць меркаванні, што экстраная кантрацэпцыя, то бок, прэпараты, якія выкарыстоўваюць пасля сексуальных кантактаў, 100% прыводзяць да адсутнасці цяжарнасці. Насамрэч, не. Але стэрэатыпы пераходзяць і да падлеткаў, і яны дастаткова шкодныя.

Калі для дзяўчыны ці хлопца важныя асабістыя межы, тады і не варта ўступаць у сексуальныя стасункі. Чалавек атрымае гэты досвед, калі будзе да яго гатовы: некаторыя да яго гатовыя ў 16 гадоў, іншыя не гатовыя і ў 18. Увогуле, цяпер ёсць тэндэнцыя, што асабістыя межы для падлеткаў значна больш каштоўныя, чым сексуальныя стасункі. Секс — паўсюль! Можна запампаваць Tinder, Badoo — і будзе секс. Ён робіцца цікавым, калі забаронены, тады падлеткі зацікаўленыя адкрыць для сябе штосьці новае. А калі гэта паўсюль… У дзень 6-8 урокаў, няма часу, і секс ператвараецца ў зашквар.

Коды сексуальных стасункаў з цягам часу ў Беларусі змяняюцца. На першы план цяпер выходзіць канцэпцыя свабоднага часу і асабістай прасторы. Секс перастаў быць забароненым, ён стаў не настолькі важным, а таму і перастаў быць цікавым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі