Эксперт з ЗША: Памеры гвалту ў беларускіх і амерыканскіх сем’ях аднолькавыя

25 сакавіка амерыканскі эксперт Дэбра Адамс выступіла на канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай праблемам гвалту ў сям’і. Беларусь яна наведала ў межах спецыяльнай праграмы амбасады ЗША, якая арганізуе паездкі амерыканскіх спецыялістаў дзяліцца досведам з беларускімі калегамі.

"Наколькі я зразумела, памеры гвалту ў амерыканскіх і беларускіх сем’ях здаюцца параўнальна аднолькавымі. А менавіта, ажно траціна жанчын у той ці іншай ступені ад гэтага пакутуе", – распавяла Дэбра Адамс.

Ажно траціна жанчын у той ці іншай ступені пакутуе ад гвалту ў сям'і

Ірына Гушчына з Асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын пацвярджае, што праблема гвалту сям’і ў Беларусі насамрэч сур’ёзная.

Ірына Гушчына: "Трэба, каб была арганізацыя ў кожным малым горадзе, у якую жанчыны маглі б звяртацца 24 гадзіны ў суткі".

Пакуль жа такіх недзяржаўных арганізацый некалькі на ўсю краіну. І функцыі дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту бяруць на сябе тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнай дапамогі. Але яны часта не маюць дастаткова часу для дапамогі пацярпелым, кажа Ірына.

У ЗША сітуацыя з адпаведнымі арганізацыямі куды лепшая. У адным толькі штаце Вашынгтон 63 праграмы падтрымкі пацярпелым ад гвалту ў сям’і, параўноўвае Дэбра Адамс.

"Гвалт у сям’і і сэксуальныя абразы здараюцца нават у вельмі рэлігійных сем’ях. Ні рэлігія, ні сацыяльная прыналежнасць, ні грашовыя магчымасці не з’яўляюцца ключавым фактарам. Гэта выбар паводзін аднаго чалавека ў дачыненні да іншага".

І звычайна пачынаецца фізічны гвалт з малога, кажа Дэбра Адамс. Напрыклад, са слоўных абразаў. Паступова адзін з партнёраў займае аўтарытарную пазіцыю і пачынае кантраляваць другога. І ў такім выпадку важна не паддацца ізаляцыі.

Дэбра Адамс: "У такім выпадку вельмі важна не губляць кантакт з сям’ёй і сябрамі. Прыклад нумар адзін гвалту на эмацыйным плане – ізаляваць чалавека. Гэта вельмі эфектыўная форма ўлады і кантролю. Тады трэба задацца пытаннем: чаму я павінна быць адарваная ад сваёй сям’і і сяброў? Яны мусяць быць у маім жыцці!"

Каб лепей змагацца з праблемай гвалту ў сям’і, кожны ў грамадстве мусіць ўсведамляць за сабой пэўную адказнасць, кажа эксперт.

Дэбра Адамс: "Калі ты бачыш, што прыяцель з тваёй кампаніі пачынае абражаць дзяўчыну, то за табой маральная адказнасць проста сказаць яму: у чым справа? Чаму ты так робіш? Можа, ты зараз злы, але мусім заўсёды ставіцца да чалавека з павагай! Калі ў падлеткавым узросце ён пачуе такі наказ аб лепшых паводзінах, то гэта зменшыць верагоднасць кепскіх паводзін у будучыні".

Па словах Дэбры Адамс, і ў ЗША здараецца такое, што паліцыя часам спрабуе ўскласці частку віны за сэксуальны гвалт на саму жанчыну.

Дэбра Адамс "Гэта справа адукацыі. Мы праводзім трэнінгі з афіцэрамі паліцыі і тлумачым, што ў гэтым няма віны пацярпелай, але рашэнне і выбар злачынцы. Натуральна, што жанчына мусіць свабодна без страху хадзіць па вуліцах".

Дэбра Адамс спадзяецца, што досвед амерыканскіх спецыялістаў дапаможа Беларусі і іншым краінам скарыстацца з яго і не дапусціць пройдзеных у ЗША памылак у сферы апярэджання гвалту ў сям’і.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі