Экстрадыцыю Аляксея Кудзіна аспрэчаць у Еўрапейскім судзе па правах чалавека

Аляксей Кудзін з жонкай і дочкамі / tribuna.com​
Аляксей Кудзін з жонкай і дочкамі / tribuna.com​

Абарона чэмпіёна свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна мае намер падаць апеляцыю на рашэнне Маскоўскага абласнога суда. У мінулую пятніцу гэтая судовая інстанцыя вырашыла ўхваліць запыт беларускай пракуратуры на экстрадыцыю Кудзіна ў Мінск.

У Беларусі яго чакае крымінальная справа пра "супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў". Спартоўцу пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. У мінулым жніўні Аляксей Кудзін удзельнічаў у пратэстах у Маладзечне, калі адбыліся сутычкі з сілавікамі.

Маскоўскі абласны суд палічыў, што крымінальны пераслед не з'яўляецца палітычна матываваным і катаванні Кудзіну ў Беларусі не пагражаюць.

"Абавязкова. На тыдні ва ўстаноўленым парадку пададзім апеляцыю",заявіла ў інтэрв'ю "Трыбуне" адвакатка Кудзіна Марыя Красава на пытанне пра намер аспрэчыць рашэнне Масаблсуда.

Пры гэтым яна адзначыла, што зыходзячы з практыкі шанцаў на станоўчы вынік няшмат. Расія рэдка адмаўляе уладам іншых краін у экстрадыцыі.

Калі ўсе магчымасці абараніць Кудзіна ў Расіі будуць вычарпаныя, абарона збіраецца звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ).

"На ўвесь тэрмін, пакуль справа будзе разглядацца ў Страсбургу, Аляксея не змогуць экстрадаваць з Расіі", — падкрэсліла яна.

Пры гэтым адвакат адзначыла, што Кудзін знаходзіцца ў бадзёрым настроі, "верыць у лепшае і перадае ўсім вялікае прывітанне".

"Вельмі сумна бачыць, што такі чалавек апынуўся за кратамі. Ён стварае ўражанне вельмі сумленнага, прыстойнага і шчырага чалавека, усёй душой любіць Беларусь і беларусаў", — адзначыла адвакатка.

Байца ММА Аляксея Кудзіна затрымалі ў Расіі ў студзені. З гэтага часу ён знаходзіцца за кратамі. Усяго, паводле дадзеных расійскіх праваабаронцаў, са снежня ў Расіі было затрымана сямёра беларускіх фігурантаў крымінальных спраў аб пратэстах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі