Елачныя кірмашы ў Мінску адкрыюцца з 21 снежня
Елачны кірмаш / З архіву TUT.BY
Купіць жывую елку непасрэдна з лясгаса ў Мінску сёлета можна будзе толькі ў двух месцах — ля адміністрацыйнага будынка па адрасе вуліца Баграціёна, 70 і на елачным кірмашы на Прытыцкага, 146. Елачныя кірмашы па гэтых адрасах запрацуюць 21 і 22 снежня адпаведна, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Зрэшты, мінчане змогуць купіць жывую елку і пад Мінскам. Лясгасы вобласці, абмежаваныя ў магчымасці арганізаваць гандаль у сталіцы, арганізуюць кірмашы ў найбліжэйшых да горада населеных пунктах — Бараўлянах, Сеніцы, Валяр'янаве і іншых.
Крыху раней за Мінск елачныя кірмашы адкрыюцца ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях (з 19 снежня), а таксама у Гродзенскай вобласці (з 20 снежня). З 23 снежня елачныя кірмашы пачнуць працаваць у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
"Усяго будзе арганізавана звыш 1,1 тысячы гандлёвых кропак ад лясгасаў, дзе будзе прадстаўленая прадукцыя па мінімальным цэнах", — расказалі ў прэс-службе Мінлясгаса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.