ЕС адкрыецца для прышчэпленых турыстаў, але ёсць адна ўмова

ЕС откроется для привитых туристов, но есть одно условие

Усе краіны Еўрасаюза будуць прымаць турыстаў, якія зрабілі прышчэпкі ад COVID-19, заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у інтэрв'ю газеце The New York Times. Але ёсць адна ўмова: прыезджыя мусяць быць вакцынаваныя прэпаратамі, ухваленымі Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў (EMA).

"Цалкам ясна адно: усе 27 краін, якія ўваходзяць у ЕС, будуць безумоўна прымаць усіх, хто вакцынаваны прэпаратамі, ухваленымі Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў", — сказала Урсула фон дэр Ляен.

Пры гэтым яна не змагла сказаць, калі запрацуе гэтае правіла. Паводле яе слоў, тэрміны аднаўлення падарожжаў залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.

На сённяшні дзень EMA ўхваліла для вакцынацыі ад каранавіруса чатыры вакцыны: амерыканска-германскага кансорцыума Pfizer і BioNTech, амерыканскай кампаніі Moderna, брытанска-шведскай AstraZeneca і амерыканскай кампаніі Johnson&Johnson.

Вакцыны, якія даступныя беларусам — расійская "Спутник V" і кітайская Vero Cell — у гэтым спісе адсутнічаюць. Хоць расійскі прэпарат у ЕМА цяпер вывучаюць.

Раней Лілія Кобзік, рэдактарка сайта Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый, у інтэрв'ю Еўрарадыё казала пра мэтазгоднасць прышчэпак для тых, хто плануе правесці адпачынак за мяжой.

"На дадзены момант тыя краіны, якія адкрытыя для беларускіх турыстаў, лаяльна ставяцца да "Спутника". І вакцына нядрэнна сябе паказвае. Усё больш прадстаўнікоў турбізнесу вакцынуецца. Водгукі станоўчыя", — казала яна.

У цяперашні час зрабіць прышчэпку ад каранавіруса можна ў паліклініцы па месцы жыхарства — трэба запісацца і дачакацца сваёй чаргі. У Мінску, у прыватнасці, да канца года плануюць прышчапіць ад COVID-19 да 60% насельніцтва сталіцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі