Прышчапляць ад COVID-19 будуць і ў гандлёвых цэнтрах Мінска

Прышчэпачны пункт плануюць адкрыць і на Камароўскім рынку / belmir.by
Прышчэпачны пункт плануюць адкрыць і на Камароўскім рынку / belmir.by

Прышчэпачныя пункты, дзе можна будзе вакцынавацца ад COVID-19, будуць адкрыты і ў буйных гандлёвых цэнтрах Мінска. Аб гэтым паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на галоўнага ўрача 21-й паліклінікі Наталлю Мысліўчык.

Паводле яе слоў, паліклінікі Заводскага раёна не змогуць справіцца з вялікім патокам жадаючых вакцынавацца, таму медыцынскія адміністратары цяпер працуюць "на перспектыву".

"Ёсць дамоўленасці з адміністрацыямі некалькіх буйных гандлёвых аб'ектаў. Яны прадставяць плошчы для арганізацыі прышчэпачных пунктаў", — распавяла яна.

Такія кропкі ў людных месцах дазволяць вакцынаваць "даволі вялікую колькасць людзей у дзень", адзначыла галоўны ўрач паліклінікі.

Па яе словах, для працы ў прышчэпачных пунктах плануецца прыцягваць валанцёраў — прычым не абавязкова з медыцынскай адукацыяй.

"Валанцёры будуць дапамагаць запаўняць анкеты, весці ўлік пацыентаў, выконваць іншую арганізацыйную працу, якая не патрабуе наяўнасці медыцынскай адукацыі. А лекары, фельчары, медсёстры стануць рабіць сваю працу", —  патлумачыла Наталля Мысліўчык.

У Савецкім раёне такія прышчэпачныя пункты могуць запрацаваць на Камароўскім рынку, у ЦУМе і на іншых аб'ектах, дзе ёсць здраўпункты, распавёў намеснік галоўнага ўрача 34-й паліклінікі Вадзім Касцюкоў.

"За мяжой пад часовыя прышчэпачныя пункты спартыўныя залы аддаюць. І ўсё добра!", — нагадаў Касцюкоў тым, хто  сумняваецца.

Мінскія эпідэміёлагі плануюць прышчапіць да канца 2021 не менш за 60 % насельніцтва сталіцы. Запісацца на прышчэпку можна праз сайты паліклінік, па тэлефоне ці непасрэдна ў рэгістратуры медустаноў. У цяперашні час у жыхароў Мінска ёсць выбар паміж расійскай вакцынай "Спутник V" і кітайскім прэпаратам "Vero cell". Прышчэпкі бясплатныя.

Першыя добраахвотнікі, якія адважыліся зрабіць прышчэпку, распавялі Еўрарадыё пра працэдуру і адчуванні. Невялікія пабочныя эфекты пасля прышчэпкі былі. Але гэта ў любым выпадку лепш, "чым хварэць", прызнаваліся суразмоўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі