ЕС выдасць Украіне новы крэдыт у 35 млрд еўра
Новы крэдыт ЕС для Украіны
Еўрапарламент ухваліў выдзяленне крэдыту ЕС на 35 млрд еўраў Украіне, для выплаты якога будуць выкарыстоўвацца даходы ад замарожаных расійскіх актываў.
За гэтае рашэнне прагаласавалі 518 еўрадэпутатаў, 56 — супраць, 61 парламентарый устрымаўся.
Крэдыт Кіеву выдаецца пад "будучыя даходы ад замарожаных актываў цэнтральнага банка Расіі, размешчаных у ЕС", гаворыцца ў паведамленні Еўракамісіі. Грошы будуць выдзеленыя да канца 2025 года.
"Гэтым галасаваннем мы пасылаем магутны сігнал — мы выкарыстоўваем даходы ад расійскіх замарожаных актываў на падтрымку Украіны, і Расія як краіна-агрэсар павінна заплаціць — і заплаціць", — сказала прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Метсола.
Гэты крэдыт з'яўляецца часткай ініцыятывы краін G7 па выдачы Украіне фінансавай падтрымкі ў памеры да $50 млрд (каля 45 млрд еўра).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.