Эстонія закрые мяжу для ўезду расіян у ноч на 19 верасня
Апоўначы з 18 на 19 верасня Эстонія закрые "знешнюю шэнгенскую мяжу" для расіян. Гэтую дату назваў міністр замежных спраў краіны Урмас Рэйнсалу, піша rus.delfi.lv.
Расіяне не змогуць трапіць праз мяжу незалежна ад таго, якая менавіта краіна выдала ім турыстычную візу. Рэйнсалу дадае, што такая мера дапаможа эфектыўна знізіць паток расіян. Па яго словах, гэта заклік да грамадзян РФ: "Не прыязджайце ў Эстонію, вам тут не радыя!"
Аналагічныя рашэнні, кажа Рэйнсалу, бліжэйшым часам прымуць "іншыя краіны рэгіёну".
Як распавядала Еўрарадыё, Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся абмежаваць уезд расійскім грамадзянам праз сваю мяжу. Сваё рашэнне краіны тлумачаць клопатам пра нацыянальную бяспеку.
Набыць сілу гэтае рашэнне павінна адначасова ва ўсіх краінах. Таму можна меркаваць, што Літва і Латвія ўводзяць свае забароны таксама з 19 верасня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.