У Расіі судзілі 74-гадовага ўкраінца, які пешшу прыйшоў з Беларусі
Судзілі грамадзяніна Украіны ў Навазыбкаве ў Бранскай вобласці
У Расіі судзілі 74-гадовага грамадзяніна Украіны, які ў пачатку лета пешшу прыйшоў з Беларусі (украінцаў судзяць і ў РБ). У мужчыны не было дакументаў, якія б дазвалялі ўезд у гэтую краіну. У РФ ён патрапіў, абыходзячы пункты пропуску. Расіяне затрымалі ўкраінца ўжо на другі дзень. Яго асобу ўдалося высветліць з дапамогай адбіткаў пальцаў. Вядома, што ўкраінец перад вандроўкай у Расію нейкі час жыў у Беларусі. Чаму ён перайшоў мяжу, невядома.
Судзілі грамадзяніна Украіны ў Навазыбкаве ў Бранскай вобласці. За незаконнае перасячэнне мяжы яго аштрафавалі на 60 тысяч расійскіх рублёў (амаль 580 долараў). Пасля гэтага мужчыну прызналі вінаватым у парушэнні рэжыму знаходжання ў Расіі, аштрафавалі на 2 тысячы расійскіх рублёў (19 долараў). Яго чакае дэпартацыя.
Украінец сваёй віны не прызнаў і ад дачы паказанняў адмовіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.