Euobserver: ЕС вырашыў не працягваць большасць санкцый у дачыненні да Беларусі
Краіны Еўрасаюза вырашылі не працягваць большасць санкцый у дачыненні да Беларусі па стратэгічных прычынах, нягледзячы на тое што ў рэспубліцы захоўваюцца праблемы з правамі чалавека. Пра гэта піша брусельскае выданне Euobserver.
Як паведамляла Еўрарадыё, 15 лютага на пасяджэнні ў Бруселі міністры замежных спраў краін ЕС будуць абмяркоўваць лёс санкцый у дачыненні да Беларусі. Як чакаецца, рашэнне будзе прынятае ў другой палове дня.
Нагадаем, днямі прэс-служба Савета Еўрасаюза паведаміла, што ў выніковым рашэнні па Беларусі Савет ЕС "адзначыць магчымасць для развіцця адносін у больш пазітыўным ключы", а таксама тое, што "прагрэс у розных галінах можа быць дасягнуты шляхам пашырэння канала камунікацый". Таксама "ў дакуменце савет выкажа сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі", а таксама "з улікам парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца, закліча беларускія ўлады без прамаруджання выканаць рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па выніках назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2015 года", інфармуе БелаПАН.