Еўра-2024 не такі нудны, як лічаць эксперты. Вось чым круты гэты турнір
Еўра-2024 шмат хто называе нудным
Заўзятары і эксперты нярэдка скардзяцца, што цяперашні чэмпіянат Еўропы па футболе — адзін з самых нудных за апошнія гады. На карысць такой ацэнкі кажа невыразная гульня фаварытаў, мноства аўтагалоў і адмененых галоў і, наадварот, практычна поўная адсутнасць неспадзяванак.
"Турнір страшэнна нудны. Гэта зліў", — лічыць былы гулец зборнай Францыі Крыстоф Дзюгары.
Але ці так усё кепска на самой справе? Еўрарадыё адшукала цікавыя факты пра Еўра-2024, якія варта пачытаць нават тым, хто ніколі не цікавіўся футболам.
Казка зборнай Грузіі
Дзякуючы стыкавым матчам Грузія ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася на Еўра. Сам удзел у турніры для іх — ужо свята, Тбілісі тады гуляў усю ноч.
І гэта было толькі пачаткам грузінскай казкі. У першым матчы грузіны прайгралі туркам (1:3), але потым былі нічыя з Чэхіяй (1:1) і гістарычная перамога над зборнай Партугаліі (2:0). Каманда Грузіі выйшла ў плэй-оф.
У 1/8 Грузія саступіла будучаму фіналісту — Іспаніі (1:4). Але для сваіх заўзятараў яны сталі пераможцамі.
За ўвесь групавы этап грузіны забілі чатыры галы — гэта больш, чым Англія, Францыя, Харватыя і Італія, калі не лічыць серыю пенальці. Англічане, праўда, могуць палепшыць свае паказчыкі ў фінале Еўра, які пройдзе 14 ліпеня ў Берліне.
Тым не менш, нападаючы Жорж Мікаутадзэ дагэтуль прэтэндуе на тое, каб падзяліць з іншымі футбалістамі першы радок у спісе лепшых бамбардзіраў турніру — на Еўра ён забіў тры галы.
Неверагодная розніца пакаленняў
Напэўна вы ўжо чулі пра 16-гадовага вундэркінда з Іспаніі Ламіна Ямаля, які б'е ўсе магчымыя рэкорды на гэтым Еўра, а ў перапынку паміж матчамі робіць дамашнія заданні і здае школьныя экзамены.
У мінулы аўторак ён стаў самым маладым аўтарам гола ў гісторыі чэмпіянатаў Еўропы. Ямаль забіў французам у паўфінале. Прычым зрабіў гэта вельмі прыгожа, чым дапамог сваёй камандзе выйсці ў фінал.
У той самай зборнай Іспаніі ў матчы супраць французаў, у стартавым складзе гуляў 38-гадовы Хесус Навас — адзіны футбаліст з цяперашняга складу іспанцаў, які стаў чэмпіёнам свету яшчэ ў 2010 годзе.
Атрымліваецца, у адной камандзе гуляюць футбалісты з розніцай у 22 гады.
Анамалія групы Е
У групе Е сабраліся зборныя Бельгіі, Румыніі, Славакіі і Украіны. Па заканчэнні трох матчаў кожная з гэтых каманд набрала па чатыры ачкі (адна перамога, адна нічыя і адно паражэнне) — такога на чэмпіянатах Еўропы раней не здаралася.
Лёс выхаду ў 1/8 вырашыла розніца забітых і прапушчаных мячоў — найгоршай яна аказалася ва Украіны (-2). Жоўта-сінія сталі першай камандай, якая заняла апошняе месца ў групе, зарабіўшы пры гэтым чатыры ачкі.
Падобная анамалія здарылася на чэмпіянаце свету ў 1994 годзе. І таксама ў групе E!
(Не)футбольная гісторыя
Паводле ацэнак нямецкіх уладаў, гэты чэмпіянат Еўропы ўжо наведалі больш за 600 тысяч чалавек. Многія мясцовыя жыхары спрыяюць падтрыманню атмасферы свята і самі бяруцца забаўляць турыстаў.
Напрыклад, у інтэрнэце завірусіліся ролікі з хлопцам, які ў фан-зонах граў на саксафоне. За месяц ён стаў такі папулярны, што на яго Instagram падпісалася больш за 700 тысяч чалавек.
Маладога чалавека зваць Андрэ Шнура. Ён ужо абвясціў пра планы запісаць некалькі сінглаў і правесці тур па Германіі, кошт квітка — 39 еўра.
Другі Еўра для Мюнхена за тры гады
У 2021 годзе чэмпіянат Еўропы па футболе праходзіў не ў адной краіне, а адразу ў дзесяці — ад Вялікабрытаніі да Азербайджана.
Адным з гарадоў, які прымаў мінулы Еўра, быў Мюнхен. На стадыёне "Альянц-Арэна" прайшлі чатыры матчы, у тым ліку адна гульня на стадыі чвэрцьфіналу.
Мюнхену пашанцавала і цяпер. Тут прайшлі шэсць матчаў бягучага Еўра, сярод іх матч адкрыцця Германія — Шатландыя, а таксама паўфінал паміж Іспаніяй і Францыяй.
Раней падобным дасягненнем не мог пахваліцца ні адзін іншы горад, і наўрад ці такое паўторыцца ў бліжэйшыя гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.