Еўракамісія прапанавала адмяніць візы для ўкраінцаў
Еўрапейская камісія прапануе даць Украіне бязвізавы рэжым. З адпаведнай заявай у Бруселі 20 красавіка выступіў еўракамісар па пытаннях міграцыі і ўнутраных спраў Дзімітрыс Аўрамопулас.
"Я рады аб'явіць, што Еўракамісія сёння прыняла заканадаўчую ініцыятыву ўнесці Украіну ў спіс краін з бязвізавым рэжымам у візавае заканадаўства. Іншымі словамі, мы выконваем нашы абавязанні прапанаваць бязвізавыя паездкі ў ЕС украінскім грамадзянам з біяметрычнымі пашпартамі", — перадае УНІАН словы еўракамісара.
Аўрамопулас дадаў, што цяпер гэтая заканадаўчая ініцыятыва будзе перададзеная ў Савет ЕС і Еўрапейскі парламент для абмеркавання і прыняцця рашэння.
Паводле працэдуры Еўрасаюза, прапанова Еўракамісіі павінна прайсці працэдуру ўзгаднення сярод чальцоў Еўрасаюза і ў Еўрапарламенце. Гэтая працэдура займае не менш за месяц. Потым яе павінен зацвердзіць Савет ЕС па пытаннях юстыцыі, свабоды і бяспекі, які збіраецца раз у квартал.