Еўрамайдан разагналі (фота, відэа)
Байцы ўкраінскага спецпадраздзялення “Беркут” ажыццявілі зачыстку акцыі апазіцыі 30 лістапада а чацвёртай гадзіне раніцы.
У часе разгону акцыі на Майдане Незалежнасці ў Кіеве пацярпелі людзі, інфармуе zn.ua. Паводле звестак прэс-службы Кааліцыі ўдзельнікаў аранжавай рэвалюцыі, для разгону акцыі прыбыло каля тысячы спецназаўцаў. Людзей білі дубінкамі, ужывалі газ. Было чуваць выбухі. Затрымана каля 30 чалавек.
Як паведаміў народны дэпутат Андрэй Шаўчэнка (“Бацькіўшчына”), “Беркут” пры разгоне Еўрамайдану ў Кіеве дзейнічаў беспрэцэдэнтна жорстка. Паводле яго ацэнак, дзясяткі, а можа нават сотні людзей былі жорстка збітыя. Пад стэлай на Майдане стаялі студэнты, “Беркут” іх абступіў і пачаў збіваць. Людзі пабеглі ў падземны пераход, іх там даганялі, цягнулі па зямлі.
Разгон пачаўся а 4.00 і ўжо праз 15 хвілінаў быў скончаны.
Непасрэдна пасля разгону майдана каля 50 удзельнікаў акцыі на чале з народным дэпутатам Украіны Анатолем Грыцэнкам заблакавалі міліцэйскі фургон з затрыманымі, якіх спрабавалі вывезці з Майдану. Фургон заблакавалі легкавіком спявачкі Русланы, якая была сярод удзельнікаў акцыі. Пасля перамоваў траіх затрыманых адпусцілі.
У кіеўскай міліцыі паведамілі, што рашэнне аб выцясненні акцыі з галоўнай плошчы горада было прынятае ў сувязі з шэрагам сутыкненняў ды інцыдэнтаў, якія адбыліся на Майдане.