Еўрапарламенту раяць пакінуць санкцыі супраць Мінска да парламенцкіх выбараў
Левыя еўрапейскія палітыкі рэкамендуюць не здымаць санкцыі з прадстаўнікоў Беларусі, пакуль у краіне не будзе рэальных пазітыўных зменаў. Пра гэта гаворыцца ў спісе рэкамендацыяў, які палітыкі склалі пасля візіту ў нашу краіну. Дакумент адрасаваны сацыялістам і сацыял-дэмакратам у Еўрапарламенце.
Прадстаўнікі левых партый са Швецыі, Латвіі, Польшчы і Нідэрландаў наведалі нашу краіну напярэдадні Новага года. Яны сустракаліся як з прадстаўнікамі апазіцыйных дэмакратычных партый, так і з дэпутатамі беларускага парламента.
У сваіх рэкамендацыях палітыкі звяртаюць увагу на неабходнасць далейшай падтрымкі беларускай апазіцыі, якая патрабуе свабодных і справядлівых выбараў. Санкцыі з беларускіх уладаў, лічаць аўтары, здымаць не трэба да таго часу, пакуль не будзе рэальных пазітыўных зменаў у краіне.
Еўрапалітыкі рэкамендуюць працягваць узаемадзеянне з беларускай апазіцыяй і заклікаюць яе да большага яднання.
Наступны візіт у Беларусь яны плануюць зрабіць пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў, каб чарговы раз ацаніць сітуацыю.
На гэтым тыдні ў Еўрапарламенце адбываюцца слуханні па Беларусі. Лёс санкцыяў супраць афіцыйнага Мінску павінен быць вырашаны да канца лютага.