Фактчэкінг: правяраем беларускае малако на антыбіётыкі
Рассельгаснагляд працягвае знаходзіць у беларускай малочнай прадукцыі рэшткі розных медыкаментаў. Еўрарадыё вырашыла праверыць малако дзесяці беларускіх вытворцаў на антыбіётыкі. Вось малако з бліжэйшай крамы:
- ААТ “Здравушка-мілк”
- Бярозаўскі сыраробны камбінат “Бярозка”
- Полацкі малочны камбінат
- Лепельскі МКК
- ААТ Пастаўскі малочны завод “Паставы гарадок”
- “Малочны гасцінец”
- “Бабушкіна крынка”
- Рагачоўскі МКК
- Слуцкі сыраробны камбінат
- ААТ “Малочныя горкі”
Абсталяванне для тэстаў прадаставіла кампанія "Анкар-Імэк". У тэставанні выкарыстоўваліся экспрэс-тэсты "4sensor" KIT060 бельгійскай вытворчасці. Усё абсталяванне і тэсты сертыфікаваныя і ўнесены ў ДАСТ для выкарыстання ў Беларусі, а таксама для правядзення аналізаў у межах і па стандартах Мытнага саюза. Такімі тэстамі абавязкова правяраюць сырое беларускае малако, і можна праверыць пастэрызаванае і стэрылізаванае, сыроватку і сухое малако.
Тэст праводзіцца ў два этапы. Спачатку ў інкубатар змяшчаюцца мікралункі з рэагентам, потым у іх дадаецца малако. Пасля гэтага чакаем пяць хвілін, каб малако максімальна пачало ўзаемадзейнічаць з рэагентам. Пасля у мікралункі апускаюцца тэст-палоскі і зноў чакаем пяць хвілін. Мы выкарыстоўвалі тэсты "4sensor" KIT060, якія вызначаюць чатыры групы антыбіётыкаў: β-лактамныя антыбіётыкі, антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы, стрэптаміцын і левамецытын.
Важна разумець, што гэта якасны экспрэс-тэст, па якім можна меркаваць аб наяўнасці рэшткавай колькасці антыбіётыкаў у малацэ. Адчувальнасць гэтых тэстаў адпавядае нормам тэхрэгламенту № 033/2013 «Аб бяспецы малака і малочнай прадукцыі». Варта адзначыць, што ў гэтым тэхрэгламенце ўстаноўлены нормы адчувальнасці па гэтых чатырох групах антыбіётыкаў, і калі тэст паказвае адмоўны аналіз — гэта азначае, што сырое малако цалкам адказвае патрабаванням дадзенага тэхрэгламенту і з'яўляецца чыстым ад антыбіётыкаў гэтых чатырох груп. Такое малако не падлягае вяртанню.
Пасля заканчэння пяці хвілін на тэст-палосках павінны быць лініі. Самая верхняя — кантрольная, астатнія чатыры — тэставыя. Пры параўнанні інтэнсіўнасці колеру кантрольнай лініі з чатырма тэставымі, праводзіцца праверка вынікаў. Кожную тэставую лінію трэба параўноўваць з кантрольнай.
Калі колер тэставай лініі больш насычаны і праявілася яна мацней, чым кантрольная, то гэта значыць, што вынік на антыбіётыкі адмоўны і малако чыстае. Калі лінія не праявілася або па колеры яна менш насычаная, значыць, вынік станоўчы і ў малацэ выяўленыя антыбіётыкі.
Па выніках праведзенага тэставання, ні ў аднаго з прадстаўленых вытворцаў не было выяўлена антыбіётыкаў чатырох груп і яно чыстае па дадзеным паказчыкам.
Аднак, чаму ж Рассельгаснагляд пастаянна знаходзіць антыбіётыкі ў беларускай прадукцыі? Беларуская прадукцыя падвяргаецца дэталёваму аналізу пры дапамозе храматографаў. Але і ў гэтым выпадку яна можа быць вернута толькі калі ў ёй маецца перавышэнне па регламентаваным нормам. У тэхрэгламенце 033/2013 прапісаны нормы для чатырох груп антыбіётыкаў, а на іншыя медыкаменты - не. Менавіта ў такіх выпадках, калі Рассельгаснагляд знаходзіць іншыя медыкаменты ў малацэ, ці норма регламентаваная перавышаная - тады прадукцыя вяртаецца.
Але цікава яшчэ тое, што ў сваіх справаздачах Рассельгаснагляд не паказвае, якая колькасць таго ці іншага медыкамента было знойдзена ў прадукцыі.