Фестываль "Experty.by" — фотасправаздача Еўрарадыё

У пятніцу адбыўся першы канцэрт праекту “Experty.By”,які дазволіў слухачам на ўласныя вушы пачуць лепшыя, на думку музычных экспертаў, гурты, якія выдалі дэбютныя альбомы ў 2009 годзе. Праект існуе два гады і займаецца аналітыкай і фіксацыяй музычнага жыцця Беларусі. Каманда экспертаў складаецца з чатырох пастаянных, а таксама шматлікіх беларускіх і замежных пазаштатных экспертаў.


Асноўная чацвёрка экспертаў па сваіх густах даволі стракатая. Алег Клімаў – бадай, галоўны рок-крытык Беларусі яшчэ з часоў “Музычнай газеты”, Сяргей Будкін — спецыяліст па беларускамоўнай музыцы, Зміцер Падбярэзскі – вядомы аматар джазу, блюзу, а Зміцер Безкаравайны – заходняй музыкі рознага кшталту.

Гэтага канцэрта доўга чакалі як музыкі, слухачы, так і самі журналісты, якія спрабуюць пісаць пра музыку. Музычная рэдакцыя Еўрарадыё не прафілоніла нараджэнне новай з’явы на мапе беларускіх фестываляў і правяла своеасаблівае маленькае даследаванне на тэму “Што такое праект “Experty.By” на думку саміх экспертаў, сярэднестатыстычнага спажыўца музычнага прадукту і музыкаў, якія атрымалі ўзнагароды”.


Вядомы ў мінскай віртуальнай музычнай тусоўцы персанаж - карыстальнік ЖЖ notararity, чалавек, які адмыслова стварыў свой блог, каб хадзіць па канцэртах і выказваць сваё меркаванне пра музычнае жыццё горада з пункту гледжання простага, сярэдняга спажыўца музыкі, з радасцю расказаў нам пра свае адчуванні. “Голас большасці”, “не рэдкі экземпляр” “сярэднестатыстычны слухач” notararity прызнаўся нам, што на канцэрце ён “шчыра кайфуе”:

 “Мне вельмі хацелася пачуць гурт Nevma!На маю думку, гэта найлепшы вакал Беларусі! Аааа! Я сапраўды кайфую”!

Разважаючы пра культурную місію і матывацыю праекту “Experty.By”, notararity прызнаўся, што ён адчувае вялікі ўплыў Змітра Безкаравайнага на ўсе вынікі, якія напрыканцы году выдаюць эксперты:

“Я хачу бачыць на канцэрце “Experty.By” меркаванні усіх чатырох экспертаў. Іх густы. Я лічу, што на “Experty.By” кіруе працэсамі Зміцер Безкаравайны, што Падбярэзскі нешта там піша пра джаз у стылі васьмідзесятых, Клімаў лаецца мацюкамі,а Будкін размаўляе па-беларуску. Эксперты жорстка размеркавалі ролі, але палітыка музычнага густу, на маю думку, належыць Безкаравайнаму. І, штос самае цікавае, гэта і мой густ таксама. Я з ім абсалютна згодны. Так што, “Experty.By” — гэта поўны  Безкаравайны!”

Удзельнікі канцэрту паспрабавалі ацаніць працу “Experty.By” і карысць ад ўзнагарод, якія музыкі атрымалі ад экспертаў.


NEVMA
Даніла
(вакаліст гурта Nevma. Топ-10 “Experty.By”, Топ-10 Народных Экспертаў)
расказаў, што сустрэў жывога Клімава(!!!), які паставіў іх альбому “Стихия слез” найвышэйшую адзнаку, абняўся з ім, і гэта стала “адкрыццём” канцэрту. Праўда, музыкі пакрыўдзіліся, што іх запрасілі граць першымі. Так што, Nevma засталіся крыху расчараванымі, але ўсё адно шчаслівымі ад удзелу ў канцэрце :

“Нам вельмі прыемна ўдзельнічаць у гэтым. Сядзелі б мы дома і што? А так прыехалі, паказаліся людзям, пра нас будуць гаварыць”.







PORT MONE
Леша Варсоба (Port Mone. Прыз замежных экспертаў):

“Даволі цяжка ацаніць працу “Experty.By” адназначна, але відавочна, што для нас гэта чарговы рупар для таго, каб нешта сказаць новай порцыі людзей. Што тычыцца прэміі, то яе, з аднаго боку, нам далі “Experty.By”, а з другога боку – замежнае журы. Вядома, нам прыемна, што з’явіліся нейкія новыя кантакты, але на наша музычнае жыццё гэта ніяк не паўплывала, на жаль”.









ПЕТЛЯ ПРИСТРАСТИЯ
Ілля Чарапко-Самахвалаў
(Петля Пристрастия):

“Я не адчуваю нейкай там карысці ад таго, што нам нібыта далі нейкую прэмію. Мы ўвогуле нічога не ведаем пра аніякую прэмію. Нам прапанавалі сыграць на мерапрыемстве, дзе прадстаўлены гурты, якія з’яўляюцца, умоўна, “прарывам году”. Чаму б і не сыграць? Нам за гэта плацяць грошы, выступаць нам цікава, клуб “Рэактар” нам падабаецца, а канцэртаў у Мінску ў нас мала”.

(Альбом гурта Петля Пристрастия "Всем доволен" ўвайшоў ў “Топ-10 Вялікага Журы” праекту “Experty.By” і ў “Топ-10 Народных Экспертаў” – рэд.)














THE TOOBES
The Toobes (Косця і Стас) лічаць, што існаванне праекту “Experty.By” мае сваю карысць, таму што “калі праект існуе, то гэта камусьці патрэбна”:

“Сэнс ў тым, што эксперты занятыя справай. Лішняга ў свеце не бывае. Ёсць, значыць патрэбна. На нас гэта “Experty.By” і ўзнагароды паўплывалі…. Ніяк. Ніяк не паўплывалі. Але ніякага дрэннага эфекту, як і добрага, мы не адчулі. Так што, мы проста дзякуем праекту “Experty.By” за фіксаванне чарговага этапу нашай творчасці”!

Музыкі таксама прыпомнілі экспертам невялічкі скандал вакол беларускай мовы, які адбыўся пасля таго, як музыкі не здолелі вымавіць колькі словаў па-беларуску падчас ўручэння прэмій:

“Насамрэч, гэта ўсё не сур’ёзна! Гэта было прыкольна! Такая шуміха! Так што, усім, хто сур’ёзна да гэтага паставіўся мы перадаем “прывітаааааааане!” (смяюцца).

The Toobes адзначылі выступ гурта Port Mone і паскардзіліся, што такі цудоўны акустычны гурт не вельмі ўдала ўпісаўся ў фармат гучнага канцэрту:

Port Mone — гэта самабытная каманда. Гэта музыка для рэлаксу, і іх можна паслухаць ў моманты спакойнага настрою. Гэта вельмі крута! Крута, што ў нас ёсць такі гурт! Яны вельмі парфесійна і якасна робяць сваю музыку”.








Наступны параграф даследавання – самі музычныя эксперты.

Музычная радыёжурналістка Надзея Кудрэйка, якая з’яўляецца пазаштатным экспертам праекту “Experty.By”, мае досвед супрацоўніцтва з праектам і ўпэўнена кажа пра тое, што Эксперты добра выконваюць сваю функцыю назірання, фіксавання і аналітыкі музычнага жыцця Беларусі:

“У дадзены момант праект “Experty.By” ужо пакрысе пачынае мець нейкі ўплыў на беларускую музыку, таму што за працай рэсурсу сочаць і самі музыкі, ,і як аўтар некаторых рэцэнзій, я ведаю, што такая праца сапраўды патрэбная. Бо , у нас няма прафесійнай музычнай  прэсы. Яе проста не існуе, як з’явы. А ў іншых краінах — ёсць!

І як бы музыкі не выхваляліся, але кожнаму з іх вельмі важна хоць нешта чытаць пра сябе, мець хоць нейкую адзнаку сваёй творчасці".

Алег Хаменка (музыка, музычны радыёжурналіст, выкладчык тэхналогій шоу-бізнесу, пазаштатны эксперт праекту “Experty.By”) лічыць, што такі праект неабходны Беларусі, як паветра :

“Я вельмі паважаю працу рэсурсу “Experty.By”, але мне шкада, што гэта пакуль што мае малы ўплыў на працэсы ўнутры беларускай музыкі. За гэта трэба змагацца і я гатовы і хачу ім дапамагаць, бо лічу, што ад іх шмат што залежыць на сённяшні час. Ой, хай змагаюцца! Гэта вельмі неабходна ўсім нам.

Я добра разумею, як ім цяжка толькі ў інтэрнэт прасторы існаваць, але іх справа вартая існавання. І тое, што яны выходзяць на такія вось імпрэзы, рухаюцца наперад, варта не толькі павагі, але і надзвычайнай увагі! Таму што ўвогуле экспертных адзнак вель-мі-ма-ла! Мала і людзей, якія здольныя такія адзнакі даваць прафесійна.

Гэта цяжкая праца, я разумею, але, хоць я і песіміст, але я гатовы з імі працаваць. Бо гэта не пустое”.

З пытаннем, што ўтрымлівае экспертаў ў праекце, калі ўсе абставіны сённяшняга дня супраць існавання такога праекту: музыка Беларусі рухаецца даволі млява і не часта выдае нешта сапраўды цікавае і нечаканае. Наяўнасць музычнага бізнесу, хутчэй, намінальная і, насамрэч, не адпавядае стандартам сусветнага шоў-бізу. Існаванне музычнай прэсы пад вялікім пытаннем, таксама як і яе прафесіяналізм.

Дык што рухае наперад “Experty.By”?


Алег Клімаў, як самы прамалінейны эксперт праекту, не стаў хлусіць і адказаў на нашае пытанне так:

“ Гэта праца стала для нас аддушынай. Таму што, тыя людзі, якія працуюць ў праекце “Experty.By”, яны ўсе занятыя на сваіх працах і “заточаныя” пад нейкія свае ўласныя погляды, якія часам не заўсёды адносяцца да жанра рэцэнзій.

Для нас гэта хутчэй магчымасць заняцца творчым фрыстайлам. Мне цікава часам слухаць меркаванне музыкаў, якія чытаюць “Experty.By” і сур’ёзна ставяцца да адзнак экспертаў. Калі я чытаю каментары музыкаў і бачу, як сур’ёзна яны да нас ставяцца, я і сам пачынаю ўспрымаць сябе сур’ёзна”.

Што тычыцца канцэрту, то гуру музычнай журналістыкі расказаў нам, што на канцэрт прыйшоў без асаблівага жадання, але рады, што апынуўся ў Рэактары, бо падслухаў размову гурта “Палац” пра выступ гурта “Nevma” (гаворка ішла пра спазненне такога выдатнага гурта на 20 гадоў), паслухаў Nevma на сцэне, а не ў запісе, параўнаў Port Mone на дыску і жыўцом, і правеў паралелі паміж The Toobes і Arctic Monkeys, Franz Ferdinand і іншымі моднымі гуртамі, шукаючы адказ на пытанне адэкватнасці The Toobes часу.

Нагадаем, што ўдзел у канцэрце прынялі гурты The Toobes, Port Mone, Nevma і Петля Пристрастия. Спонсарам мерапрыемства выступіла кампанія “Атлант Телеком”, якая шчыра верыць у беларускую музыку і гатовая падтрымліваць яе развіццё.

Аляксандр Вавула, “Атлант Телеком”:

“Мы не чакалі, што тут будзе так душэўна, цёпла і драйвова! Канцэрт — супер! Я веру ў будучыню музыкі, не важна якой. Але тое, што яна будзе беларускай, я не сумняюся!”

Вера бізнесменаў у беларускую музыку натхняе на самыя радасныя перспектывы і разважанні! Праўда,разведка данесла, што самі эксперты лічаць канцэрт правальным, але музычная рэдакцыя Еўрарадыё з гэтым не пагаджаецца. Першы канцэрт праекту “Experty.By” нам падаўся драйвовым, простым, паказальным і , на шчасце, пазбаўленым сталічнага пафасу.

Прымайце нашы віншаванні, шаноўныя эксперты!








Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі