ФІФА задаволіла пазоў украінскага футбаліста да клуба "Дынама-Брэст"
Футбольны клуб "Дынама-Брэст" мусіць выплаціць украінскаму гульцу Яўгену Хачэрыдзі буйную суму кампенсацыі. Сёння палата па вырашэнні спрэчак ФІФА задаволіла пазоў футбаліста да клуба.
На пачатку 2021-га гулец разарваў кантракт з "Дынама-Брэст". Па словах Хачэрыдзі, клуб парушыў умовы кантракту. Пасля гэтага спартовец выставіў прэтэнзію аб кампенсацыі — як пісалі ўкраінскія СМІ, гаворка ідзе пра мільён долараў.
У "Дынама-Брэст" Хачэрыдзі прыйшоў у студені 2020-га. На той момант ён быў самым дарагім гульцом беларускага чэмпіянату — 1,75 мільёна долараў. За брастаўчан у 2020-м ён правёў 21 матч ва ўсіх турнірах (каля паловы ўсіх гульняў сезону). А найбольш запомніўся тым, што атрымаў чырвоную картку ў матчы з "Віцебскам" і пасля гэтага спрабаваў пабіць галоўнага арбітра сустрэчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.