ФК "Гарадзея": у Сазановіча двухбаковая пнеўманія, ён не на апараце ШВЛ
Футбольны клуб "Гарадзея" выступіў з заявай наконт захворванняў сярод гульцоў. Напярэдадні з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што паўабаронца Станіслаў Сазановіч знаходзіцца ў бальніцы на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Клубная прэс-служба ў панядзелак гэта абвергла: "не знаходіцца і не знаходзіўся на штучнай вентыляцыі лёгкіх". Паведамляецца, што ў Сазановіча двухбаковая пнеўманія, ён шпіталізаваны. "На дадзены момант стан стабільна здавальняючы, тэмпературы няма", — піша fcgorodeya.by.
А вось у паўабаронцы Сяргея Пушнякова пацверджаны COVID-19, ён лечыцца дома: "захворванне працякае без сімптомаў, стан добры". У яшчэ аднаго паўабаронцы Андрэя Сарокіна трымаецца высокая тэмпература, ён таксама лечыцца ў хатніх умовах.
На аўторак запланавана праходжанне гульцамі, трэнерамі і адміністрацыяй "Гарадзеі" экспрэс-тэстаў на COVID-19.
Раней стала вядома пра ўспышку каранавіруса ў ФК "Дынама-Брэст".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.