“Фота з подпісам Дэпардзьё “Дзякуй Ніна!” застанецца дзецям на памяць”

21 ліпеня Жэрар Дэпардзьё нечакана наведвае Беларусь. У Мінскім аэрапорце акцёр прызнаецца, што ведае пра нашу краіну даўно. Паглядзець на жыццё беларусаў на ўласныя вочы яго падштурхнуў амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка. Сустрэліся яны ў Парыжы, калі Дэпардзьё сам (!) прыйшоў у нашу амбасаду, каб павіншаваць з Днём Незалежнасці. Сапраўды, нічога незвычайнага!

“Мне цікавая Беларусь як сельскагаспадарчая краіна з вялікім патэнцыялам. Я лічу, што тыя, хто злучаны з зямлёй і земляробствам, — самыя лепшыя людзі”, — літаральна з трапа акрэслівае свае зацікаўленасці акцёр, які вядомы яшчэ і як паспяховы вінароб ды рэстаратар.

Цікава, што супрацоўнікі “Азярыцкага Агра”, куды Дэпардзьё прыязджаў з экскурсіяй, да апошняга моманту не ведалі падрабязнасцяў візіту. Хто менавіта наведае іх гаспадарку, стала вядома літаральна ў дзень прыезду.

“Ну гэта ж не мая кампетэнцыя — падпісваць пагадненні, — прызнаецца кіраўніца “Азярыцкага АграНіна Жалязнова. — Ды і ён жа першы раз у краіне, гэта была такая больш азнаямленчая паездка. Яго цікавіла ўтрыманне жывёлы, бо ў яго ёсць такі бізнэс. Ён быў у захапленні нашай гаспадаркай і прыродай Беларусі ўвогуле. Ведаеце, ён чалавек з вялікім сэрцам, гэта адразу адчуваецца, і, як кажуць, селянін у душы. Размаўлялі з ім пра вытворчасць сыру, але ў іх жа гэта лічы нацыянальны прадукт. Адзінае, што ў Францыі на нізкім узроўні вытворчасць сыру з казінага і авечага малака, але наша гаспадарка такія сыры таксама не робіць”.

Ніна Вікенцьеўна прызнаецца, што апроч Аляксандра Лукашэнкі, такіх знакамітых гасцей у іх гаспадарцы не было. Жанчына ў захапленні ад знаёмства з Дэпардзьё, хоць і вельмі старанна хавае гэта.

“Фотакартку з нашым спадаром графам Монтэ Крыста на працоўным месцы я ставіць не буду. Навошта!? — здзіўляецца пытанню Ніна Жалязнова. — Але адна фатаграфія, якую ён падпісаў “Дзякуй Ніна!”, думаю, застанецца дзецям на памяць”.

За адзін дзень Жэрар Дэпардзьё наведаў ферму, пакасіў траву каля рэзідэнцыі прэзідэнта, пазнаёміўся з Мікалаем Лукашэнкам. Культурнымі дасягненнямі нашай краіны так і не зацікавіўся. Па словах супрацоўніка Міністэрства культуры, акцёр ехаў пад патранажам МЗС, таму і праграма візіту складалася адпаведная.

“Больш яго цікавіла сельская гаспадарка, чым фільмавытворчасць, — каментуюць Еўрарадыё ў прыёмнай Мінкульта. — Ён нават не быў на аб’ектах культуры. Нібыта была запланавана сустрэча з міністрам культуры, але ў выніку яна не адбылася”.

Адзіны прадстаўнік кіраўніцтва Мінкульта, які сустракаў Дэпардзьё, — намеснік міністра Васіль Чэрнік. Таму дамоўленасці пра ўдзел акцёра ў фестывалі “Лістапад” і супрацоўніцтва з “Беларусьфільмам” у здыманні стужкі “Нармандыя – Нёман”, пра якія пішуць у СМІ, маглі быць дасягнутыя толькі ў нефармальных абставінах паміж частаваннем дранікамі ды пераездамі з месца на месца.

“Падчас візіту Дэпардзьё ніводны прадстаўнік кінастудыі з ім не сустракаўся”, — кажа намеснік гендырэктара “БеларусьфільмаЗміцер Шэлег і дадае, што паведамленняў аб нейкім супрацоўніцтве са знакамітым акцёрам не прыходзіла і з Міністэрства культуры.

Ці былі падпісаныя нейкія дамовы з Дэпардзьё на пастаўкі, напрыклад, беларускага малака ў яго расійскія рэстарацыі, таксама ніхто не ведае. Але, пагадзіцеся, калі б “Азярыцкае Агра” дамовілася са знакамітым акцёрам пра супрацоўніцтва, хутчэй за ўсё, гэта б ведала не толькі яго кіраўніцтва, але і ўся вёска Слабада, дзе яно месціцца.

Атрымліваецца, што акцёр прыехаў у Беларусь, каб аказацца побач з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі б гэта адбылося не напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, можна б было проста ўсміхнуцца самадурству знакамітага француза. Але хто ведае!? Можа зусім хутка ўсё стане на свае месцы і мы пачуем пра жаданне Дэпардзьё прывезці ў Мінск свой бізнэс ды атрымаць беларускае грамадзянства!..

Фота: president.gov.by, kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі