Freaky Summer Party не знайшоў мільярд на арэнду вострава ў Камсамольскім возеры
Любімы гараджанамі мінскі арт-пікнік Freaky Summer Party вымушаны змяніць месца дыслакацыі. За два дні арэнды на старым месцы, востраве ў Камсамольскім возеры, арганізатарам давялося б заплаціць мільярд недэнамінаваных беларускіх рублёў (гэта каля 50 тысяч долараў) "Мінскзеленбуду", які сёлета змяніў структуру і прапанаваў арганізатарам новыя тарыфы.
"Мы штогод плацілі, заключалі дамовы з , але сумы былі значна меншымі, — распавядае арт-дырэкар фэсту Дзяніс Трусіла. — У мінулым годзе нам сказалі заплаціць каля 10 мільёнаў рублёў — за паслугі вывазу смецця, узнаўленне газона і іншае. Два гады таму сума была яшчэ меншай і ў яе была ўключаная арэнда. То бок, штогод нам прадастаўлялі розныя дамовы. Мы рабілі афіцыйны запыт у "Мінскзеленбуд", маўляў, горад дазволіў рабіць мерапрыемства, мы хочам узяць востраў у карыстанне, колькі гэта будзе каштаваць і на якіх умовах. Нам рыхтавалі дамову, мы яе падпісвалі і аплачвалі ўсе рахункі, якія нам выстаўлялі".
Цяпер у "Мінскзеленбудзе" кажуць, што цяпер маюць адзіную палітыку для ўсіх гарадскіх паркаў. Маўляў, калі івэнт камерцыйны і ўваход на яго платны, выстаўляецца рахунак за арэнду. Адзін квадратны метр "паркавай" зямлі каштуе 34 тысячы "старых" рублёў, тэрыторыя вострава складае 54 тысячы квадратных метраў, таму ў выніку атрымліваецца круглая сума. Прычым, калі тэрыторыя вострава не "зачыняецца", за мерапрыемства не трэба плаціць "арэндныя".
Перамовы з чыноўнікамі "Мінскзеленбуду" і арганізатараў Freaky Summer Party цягнуліся некалькі месяцаў, але плёну не далі. Таму сёлета FSP пераедзе ў парк Dreamland — на прыватную пляцоўку, тарыфы арэнды якой ў разы меншыя, чым прапануе "Мінскзеленбуд", а інфраструктура, мяркуюць арганізатары, нашмат лепшая. Чакаецца, што парк пераробяць пад FSP, адтуль "будзе вывезенае ўсё, што не мае фундамента, і прывезеная атмасфера" арт-пікніка. Апроч таго, на фэсце будзе працаваць уласная ахова, зоны з wi-fi, невялікая паркоўка.
"Для нас задача становіцца больш цікавай, — працягвае Дзяніс Трусіла. — Да таго ж, мы былі ўжо тры гады на тым месцы, цяпер людзі прыйдуць у новы парк, будуць новыя эмоцыі, магчымасці. Мы ў гэтым плане бачым толькі развіццё. Такое здараецца. Мы пераязджалі за гісторыю пікніка некалі разоў, і кожны раз гэта быў рост".
Лайн-ап пікніка складуць Mujuice, ON-THE-GO, Balthazar, 1/2 Orchestra і іншыя. Наведвальнікам абяцаюць цікавыя забавы ад Uber, Samsung Belarus, Bellakt, airBaltic, LEGO. Паміж двума днямі пройдзе глабальная вечарынка "Вялікая Мядзведзіца" з мэпінгам і добрым прывозам.
Freaky Summer Party пройдзе 23-24 ліпеня. Падрабязна — тут.