Freedom House павысіў рэйтынг дэмакратыі ў Беларусі
Freedom House павысіў рэйтынг дэмакратыі Беларусі ў некаторых катэгорыях. Пра гэта стала вядома са штогадовай справаздачы арганізацыі “Нацыі ў транзіце”.
Арганізацыя штогод ставіць адзнакі краінам ад 1 (найлепшая) да 7 (найгоршая). Кожная краіна ацэньваецца па 7 параметрах — “нацыянальнае кіраванне”, “выбарчы працэс”, “грамадзянская супольнасць”, “незалежныя СМІ”, “мясцовае кіраванне”, “незалежнасць судоў”, “карупцыя”.
Па ўсіх катэгорыях Беларусі ставяцца адзнакі ад 6 да 7. У параўнанні з 2014 годам, “выбарчы працэс” палепшыўся на 0,25 бала — з 7 да 6,75 бала. Таксама на 0,25 бала лепей ацанілі “грамадзянскую супольнасць” — з 6,5 да 6,25 бала. Такім чынам агульны бал склаў 6,64.
Аўтар справаздачы — Яраслаў Крывы, беларускі даследчык, які жыве ў Вялікабрытаніі, распавёў у інтэрв’ю tut.by, што ў гэтым рэйтынгу Беларусь выглядала горш некаторых амаль таталітарных краін з сотнямі палітзняволеных і сярэднявечнымі парадкамі, таму гэтыя параметры былі крыху палепшаныя.
Сярод нашых суседзяў усе маюць больш высокую адзнаку: Расія — 6,5, Украіна — 4,68, Польшча і Літва — 2,32, Латвія — 2,07. Адзначым таксама, што Казахстан атрымаў 6,61, Кыргызстан — 5,89, Арменія — 5,36.