Фудзі сапсавалі, а ў Кітаі хочуць караць за "няправільнае" адзенне — #ІхНоравы
Турысты зрабілі сусветныя навіны сумнымі
15 сутак за няправільны колер шкарпэтак ці сукенкі — гэта не толькі пра Беларусь. У Кітаі хочуць паступаць гэтак жа з тымі, хто адзеннем "абражае" нацыю. Аднак не ўсюды як у Беларусі: у Японіі не могуць справіцца з патокам турыстаў, і гэта катастрофа.
Што адбываецца, Еўрарадыё расказвае ў традыцыйным аглядзе сусветных навін.
Фудзі ў бядзе праз турыстаў
У Японіі ёсць народная песня пра самую высокую гару ў краіне — Фудзі. У тэксце гаворыцца, што Фудзі "высіцца над аблокамі", "апранутая ў снежнае кімано". Аднак сёння Фудзі — гэта чалавечыя заторы і смеццевыя завалы.
— Цяпер на гары, безумоўна, занадта шмат людзей, іх значна больш, чым раней, — кажа Міхо Сакураі, які патрулюе схілы гары Фуджы сем гадоў.
Міжнародны савет па ахове помнікаў і славутасцяў яшчэ ў 2013 годзе заклікаў адміністрацыю гары разабрацца з натоўпамі людзей. Тады Фудзі была ўключаная ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Аднак колькасць турыстаў толькі расце. Часта яны выбіраюць пятую пешаходную станцыю. У 2012 годзе праз яе прайшло два мільёны чалавек, а ў 2019 годзе — больш за пяць.
— Празмерны турызм і ўсе наступствы, якія вынікаюць адсюль, такія, як смецце, рост выкідаў CO2 і безразважныя турысты, — гэта самая вялікая праблема, з якой сутыкаецца гара Фудзі, — кажа прадстаўнік урада прэфектуры Яманасі Масатаке Ізумі.
Мясцовыя ўлады хочуць абмежаваць доступ да гары. Напрыклад, запусціўшы легкарэльсавы транспарт, але перакрыўшы магчымасць лёгка дабірацца да гары на аўтамабілі. Тады можна будзе рэгуляваць паток людзей за кошт раскладу цягніка.
— Фудзі-сан крычыць ад болю. Мы не можам проста чакаць паляпшэння сітуацыі, нам трэба змагацца з празмерным турызмам ужо цяпер, — кажа Ізумі.
Цалаваць футбалістку было лішнім
Луіс Рубіялес сыходзіць з пасады прэзідэнта Федэрацыі футбола Іспаніі праз пацалунак з нападніцай нацыянальнай зборнай Джэні Эрмоса. Гэта адбылося на цырымоніі фіналу жаночага чэмпіянату свету, калі Іспанія абыграла Англію.
Альпініст з Новай Зеландыі выжыў пасля падзення з 600 метраў. Ён сарваўся з гары Таранакі, але атрымаў толькі нязначныя траўмы. Мужчыну пашанцавала, што праз цёплае надвор'е лёд размягчыўся і ён прызямліўся на снег.
Гара Таранакі — адна з самых смяротных гор Новай Зеландыі. У 2021 годзе два альпіністы загінулі ў тым жа месцы, дзе цяпер упаў альпініст.
Таранакі — гэта заснулы вулкан на ўзбярэжжы Паўночнага вострава Новай Зеландыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.