Галасаваць за Лукашэнку — заўтра: у 2010-м — 48,2% апытаных, сёлета — 34,2%
Еўрарадыё параўноўвае сацыялагічныя даследаванні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 і 2015 гадоў.
Сакавіцкае апытанне жыхароў Беларусі Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў чакана прысвечанае будучым прэзідэнцкім выбарам. Еўрарадыё параўноўвае вынікі сёлетняга “перадвыбарчага” апытання з вынікамі даследавання НІСЭПД напярэдадні памятных выбараў 2010 года.
Згодна з даследаваннямі 2015 года, давер да ўлады ў насельніцтва паніжаецца. Так, больш за 38% апытаных лічаць немагчымым значнае паляпшэнне жыцця пры цяперашнім кіраўніцтве і яго палітыцы. У кастрычніку 2010 года 25,3% апытаных лічылі, што пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі з пасады кіраўніка краіны жыццё палепшыцца, 28,6% — што застанецца такім самым, і 28,7% — што пагоршыцца.
Адпаведна, узнікае пытанне: як за гэты час змяніўся самы “папулярны” момант такіх даследаванняў — рэйтынг даверу да Аляксандра Лукашэнкі. Гэтым разам вынік інтрыгуе: “Рэйтынг прэзідэнта працягвае зніжацца. У верасні 2014 года яму давяралі 53,5%, у снежні — 49,9%, у сакавіку 2015-га — 48,8%. Галасаваць за цяперашняга кіраўніка дзяржавы на прэзідэнцкіх выбарах у верасні 2014-га былі гатовыя 45,2%, у снежні — 40%, у сакавіку 2015-га — 34,2%". Нішто сабе, і тут падзенне!
Добра, што ў нас было з папулярнасцю Лукашэнкі ў масах напярэдадні выбараў 2010 года? Там расклад быў такі: за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць 48,2% апытаных, а супраць — 35,2%. Астатнія не вызначыліся. Што маем па выніку параўнання — амаль палова апытаных за Лукашэнку ў 2010 годзе і толькі 34,2% сёлета?
“Прыгадайце ландшафт 2010 года, — разважае палітолаг Юрый Дракахруст. — Крызіс 2009 года сышоў у нябыт, склады разгрузіліся, заробкі раслі, вы памятаеце, якімі тэмпамі тады… Цяпер толькі адбыўся эканамічны крызіс, адбылася дэвальвацыя, падзенне курсу рубля, падзенне даходаў. Гэта ў любым выпадку павінна было адбіцца на гатоўнасці галасаваць за кіраўніка дзяржавы”.
Гэта яшчэ добра, што ўкраінскі канфлікт здарыўся своечасова і даў магчымасць беларускаму лідару праявіць свае міратворчыя здольнасці. Калі б не гэта, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, то яшчэ не вядома, як нізка абвалілася б колькасць гатовых галасаваць за Лукашэнку.
Сацыёлаг Сяргей Нікалюк звяртае ўвагу на тое, што для параўнання выкарыстоўваюцца лічбы даследавання, якое праводзілася за два месяцы да выбараў 2010 года. У самы пік “мабілізацыйнай накруткі электарату ўладамі — як метадамі эканамічнымі, так і метадамі прапаганды”.
Сяргей Нікалюк: “І фінальнай кропкай прапаганды прэзідэнцкіх выбараў быў Усебеларускі народны сход — такая піяр-акцыя, дзе гучала шмат прыемных вуху абяцанняў, ад якіх наш электарат па зразумелых прычынах узбуджаўся”.
Вось, дачакаемся сёлетняга піка прапаганды выбараў, і пасля чарговых абяцанняў будзем параўноўваць лічбы, заўважае Нікалюк. Праўда, пры ўмове, што сход сёлета адбудзецца. Бо сітуацыя ў эканоміцы такая, што абяцаць нешта складана, ды і многія абяцанні мінулага сходу так і засталіся нявыкананымі.
Ідзем далей. Сёлета прыхільнікамі дзеючай улады назвалі сябе 37,3% рэспандэнтаў, 25,4% лічаць сябе апанентамі ўлады. А 36,7% сказалі, што "не думалі пра гэта і ім гэта абыякава". У 2010 годзе на пытанне: “Ці лічыце вы сябе ў апазіцыі да дзеючай улады?” станоўчы адказ далі 14,9% апытаных, адмоўны (ці назвалі фактычна сябе прыхільнікамі ўлады) — 72,4%, 12,7% апытаных у сваёй апазіцыйнасці-лаляльнасці не вызначыліся.
Лічбы, можа, на першы погляд і падаюцца цікавымі, але Юрый Дракахруст не раіць на іх звяртаць асаблівую ўвагу — не заўжды нават той, хто не лічыць сябе прыхільнікам улады, прызнае сябе ёй апазіцыйным.
Зрэшты, нават пры паніжэнні рэйтынгу Лукашэнка працягвае апярэджваць любых апазіцыйных лідараў. Электаральны рэйтынг па адкрытым пытанні Уладзіміра Някляева сёння складае 7,6%, Мікалая Статкевіча — 4,5%, Аляксандра Мілінкевіча — 1,6%, Анатоля Лябедзькі — 2,9%, Сяргея Калякіна — 1,6%. Рэйтынг Лукашэнкі па закрытым пытанні складае 36,9%, а Някляева — 9,4%. Тое ж было і ў 2010 годзе. Гэта добра бачна з табліцы, дзе распісана, колькі апытаных за якога кандыдата ў прэзідэнты былі гатовыя аддаць свой голас ў кастрычніку — за 2 месяцы да выбараў.
Сёлета большасць апытаных кажа, што на прэзідэнцкіх выбарах хацела б бачыць кандыдатам ад апазіцыі вопытнага вядомага палітыка — 44,5%. Удвая менш чакаюць новага чалавека, малавядомага палітыка — 22,3%, і менш за ўсё хочуць бачыць жанчыну-палітыка — 16,4%.
Юрый Дракахруст упэўнены: калі б вылучылі кандыдатам Дар’ю Домрачаву, Святлану Алексіевіч ці нават Лідзію Ярмошыну, ролі б не мелі ні вынікі гэтага апытання, ні рэйтынгі апазіцыйных лідараў, імёны якіх на слыху. А Сяргей Нікалюк ідзе далей і сцвярджае, што не мае ніякага значэння, хто ідзе апанентам Лукашэнкі на выбарах — нават калі б гэта была яго жонка, то і яна б здолела сабраць усе пратэстныя галасы. Калі б стала адзіным кандыдатам.