Галоўчанка: ваганні валютных курсаў часовыя, імі карыстаюцца дэструктыўныя сілы
Кіраўніцтва Беларусі не бачыць неабоднасці прымаць дадатковыя меры рэгулявання на валютным рынку. Як заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, ваганні курсу беларускага рубля часовыя.
Апошнія дні курс беларускага рубля падае. На гэта ўплывае ў тым ліку вайна ва Украіне. У абменніках узнікаюць чэргі.
На думку Галоўчанкі, падзеннем курса рубля хочуць скарыстацца нейкія "дэструктыўныя сілы".
"Усе гэтыя падставы выкарыстоўваюцца ў тым ліку дэструктыўнымі сіламі, каб пасеяць паніку, збіць людзей з нармальнага рытму жыцця, выклікаць нейкі хаос і ўнутры краіны. Такога ж роду турбулентнасць на валютным рынку назіраецца і ў іншых краінах. У першую чаргу гэта звязана з нейкімі псіхалагічнымі чаканнямі. Як правіла, некалькі дзён праходзіць — і ўсё супакойваецца. Не бачу ніякіх прычын для панікі", — перадае БЕЛТА словы прэм'ер-міністра.
Галоўчанка падкрэсліў, што увядзенне якіх-небудзь абмежаванняў на валютным рынку не абмяркоўваецца. "У Нацбанка дастаткова рэсурсаў, каб нейкія ваганні згладжваць. Мы гэта праходзілі шмат разоў", — заявіў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.