Галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты" прызналі палітвязнем
Аляксандр Манцэвіч / svaboda.org
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты" Аляксандра Манцэвіча. Яны патрабуюць неадкладнага яго вызвалення і спынення крымінальнага пераследу. У Беларусі ўжо амаль паўтары тысячы прызнаных праваабаронцамі палітвязняў.
Манцэвіч за кратамі з 15 сакавіка, калі ў яго дома ў Вілейцы адбыўся ператрус. Аляксандра Манцэвіча абвінавачваюць у "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь". Следчыя заяўляюць, што ў 2020-2023 гадах галоўны рэдактар разам з іншымі супрацоўнікамі рэдакцыі распаўсюджваў "заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады", у друкаваным выданні і на інтэрнет-рэсурсах.
"Рэгіянальная газета" — вядучае недзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне Маладзечна і рэгіёна. У 2022 годзе ўлады прызналі матэрыялы сайта выдання "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Ад таго часу абнаўляліся толькі сацсеткі "Рэгіянальнай газеты".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.