Галоўным трэнерам БАТЭ зноў стаў Ігар Крывушэнка
Ігар Крывушэнка
Галоўным трэнерам футбольнага клуба БАТЭ стаў Ігар Крывушэнка.
Ён змяніў на гэтай пасадзе Кірыла Альшэўскага, пра чыю адстаўку стала вядома напярэдадні.
У сваім першым інтэрв'ю на пасадзе Крывушэнка заявіў, што стаўку плануе рабіць на выхаванцаў БАТЭ: "У будучым сезоне зробім стаўку на выхаванцаў школы БАТЭ: і на цяперашніх, і на тых, хто калісьці выступаў у дублі або заявіў пра сябе ў іншых камандах. Так, заўзятары патрабавальныя, яны прывыклі да барацьбы за самыя высокія месцы. Але ёсць прычыны, па якіх акцэнт ссунуўся — паўтаруся, ён будзе на сваіх выхаванцах".
Ігару Крывушэнку 59 гадоў. Ён ужо быў галоўным трэнерам каманды ў 2005-2007 гадах. За час сваё трэнерскай кар'еры Крывушэнка быў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі (2017-2019), працаваў з мінскім "Дынама" (2007-2008), "Тарпеда-БелАЗ" (2012-2017), брэсцкім "Дынама" (2022-2023), у Расіі, Узбекістане, Інданэзіі. У 2022 годзе двойчы ўзнікалі чуткі, што ён будзе працаваць з БАТЭ, але яны тады не пацвердзіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.