Гамяльчук расплаціўся ў маршрутцы купюрай, надрукаванай на прынтары
Маршрутка, ілюстрацыйнае фота
На 23-гадовага гамельчука пачалі крымінальную справу за выкарыстанне фальшывай купюры для аплаты праезду ў маршрутцы. Пра гэта выданню Belka расказалі ў пракуратуры горада.
Малады чалавек разам з сябрамі гуляў у карты на грошы, але несапраўдныя: яны раздрукавалі на каляровым прынтары некалькі купюр па 50 рублёў з аднолькавым серыйным нумарам.
Пазней хтосьці з кампаніі заўважыў, што з часам купюры зношваюцца і становяцца вельмі падобныя да сапраўдных. Адзін з хлопцаў вырашыў скарыстацца гэтым падабенствам і разлічыўся фальшыўкай у маршрутцы.
Як расказвае старшы памочнік пракурора Гомеля Аляксандр Шапавалаў, гамяльчук разлічваў, што шафёр заняты кіраваннем і не заўважыць фальшывую купюру. І сапраўды, падробку ён знайшоў толькі пры пераліку выручкі пасля змены.
Знайсці падазраванага ўдалося дзякуючы відэакамеры, усталяванай у салоне маршруткі. Неўзабаве хлопца затрымалі.
Яго асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія") і аштрафавалі на 11 тысяч 100 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.