Гарачае надвор'е зноў б'е рэкорды, а сіноптыкі папярэджваюць аб небяспецы

У Беларусі ў найбліжэйшыя дні захаваецца гарачае надвор'е / Еўрарадыё
У Беларусі ў найбліжэйшыя дні захаваецца гарачае надвор'е / Еўрарадыё

Сем тэмпературных рэкордаў было зафіксавана напярэдадні на беларускіх метэастанцыях, паведамляе БелаПАН пасля аналізу аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета.

Гарачэй за ўсё 8 ліпеня было ў Жлобіне (гэта Гомельская вобласць). Тут паветра прагрэлася да 32,7 градуса. У выніку быў пабіты рэкорд 2015 года, калі слупкі тэрмометраў паказвалі 8 ліпеня 32,4 градуса.

Тэмпературныя рэкорды пабітыя таксама ў Магілёве — 32,6 (у 2006 годзе 8 ліпеня тут была 30,8), Полацку — 32,5 (32 у 2006-м), Сянно — 31,6 (31,5 у 2012-м), Лепелі — 31,5 (31,4 у 2006-м), Оршы — 31 (30,2 у 2012-м) і Горках — 30,4 (29,9 у 2012-м).

Пры гэтым абсалютны рэкорд 8 ліпеня выстаяў. Гарачэй за ўсё ў гэты дзень было ў Мазыры ў 1999 годзе — паветра тут тады прагрэлася да 35 градусаў.

Нагадаем, гэта ўжо другая хваля гарачага надвор'я гэтым летам. У першую хвалю — у перыяд з 19 па 26 чэрвеня — былі перапісаныя 188 лакальных рэкордаў дня, 80 рэкордаў месяца і два рэкорды за ўвесь перыяд метэаназіранняў. Новыя абсалютныя рэкорды былі ўсталяваныя ў Акцябрскім 22 і 23 чэрвеня, слупкі тэрмометра ў гэтыя дні паказвалі тут 35,9 і 37,1 градуса.

На 9 і 10 ліпеня сіноптыкі таксама прагназуюць гарачае надвор'е. Будзе без ападкаў і да + 30..+ 34°С. абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі