Гарашчэня праз сацсеткі прынёс прабачэнні блізкім паэта Рыгора Барадуліна
Рыэлтар, пазаштатны выкладчык БДУ Аляксандр Гарашчэня праз Facebook прынёс прабачэнні блізкім народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Ён яго абразіў, калі раней назваў у сацсетцы "нацысцкай сволаччу" з-за таго, што той быў чальцом Партыі БНФ. У панядзелак, 17 кастрычніка, у сацыяльных сетках выбухнула хваля абурэння, з асуджэннем такога ўчынку выступілі прадстаўнікі БДУ, з'явіліся жадаючыя звярнуцца ў праваахоўныя органы.
У выніку Гарашчэня апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook пост са словамі выбачэння.
"Кароткі камэнтар з нагоды маёй колішняй пабытовай замалёўкі, у якой мной была дадзеная ацэнка паэту Рыгору Барадуліну... Палітычныя погляды палітычнымі поглядамі, але я не ведаў яго асабіста, а завочныя ацэнкі, якія базуюцца на тым, што пішуць у Інтэрнэце, часцей за ўсё бываюць беспадстаўнымі. Прыношу свае прабачэнні блізкім паэта. Мае словы выглядалі недастойна...", — напісаў ён. Адначасова рыэлтар і пазаштатны выкладчык адзначае, што яго прабачэнні не адносяцца да тых, "хто тэлефанаваў з пагрозамі".