Неабыякавыя беларусы сабралі 1000 рублёў на святло Валянціне Барадулінай
Неабыякавыя беларусы аператыўна сабралі 1000 рублёў на святло Валянціне Барадулінай. Запазычанасць была ліквідаваная і электрычнасць зноў з'явілася ў кватэры ўдавы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка. Ён дзякуе кіраўніцтву сталічнага энергазбыту "за аператыўнае вырашэнне пытання" (падключэнне магло адбыцца толькі праз некалькі дзён) і дзясяткам неабыякавых людзей, якія пералічвалі грошы. Больш іх пералічваць не трэба, адзначае Лабадзенка.
Як інфармавала Еўрарадыё, запазычанасць за святло складала 917 рублёў, з-за чаго ў кватэры з электраплітой адключылі электрычнасць. Валянціне Барадулінай 80 гадоў. Яна жыве адна з 2014-га, калі пахавала мужа.