З 1 чэрвеня ў Беларусі даражэюць камунальныя паслугі
Квітанцыя на аплату камунальных паслуг, ілюстрацыйнае фота
З 1 чэрвеня ў Беларусі павялічваюцца тарыфы на электраэнергію, ацяпленне і падагрэў вады. Плацяжы за падагрэў вады і ацяпленне павышаюць амаль на 25% — да 30,8592 рубля за 1 Гкал. "Зеркало" падлічыла, як з улікам новых тарыфаў зменяцца сумы ў жыроўках.
Аплата за падагрэў вады вырасце на пару рублёў. Для прыкладу ўзялі двухпакаёвую кватэру ў Мінску на 50 м кв., у якой прапісаны адзін чалавек. За пэўны аб'ём гарачай вады паводле льготнага тарыфу тут у чэрвені давядзецца заплаціць 12,96 рубля. У траўні той жа аб'ём каштаваў 10,38 рубля. Плата за ацяпленне ў такой кватэры вырасце больш чым на 6 рублёў. За, да прыкладу, спажыты аб'ём ацяплення ў 1,0163 Гкал цяпер трэба заплаціць 25,12 рубля. А паводле новых тарыфаў гэтая сума складзе 31,36 рубля. Але гэтую розніцу беларусы змогуць адчуць пазней — з пачаткам новага ацяпляльнага сезона.
З 1 чэрвеня таксама даражэе абаграванне жылля электрычнасцю. Да прыкладу, аднаставачны тарыф, які выкарыстоўваецца як на абаграванне жылля, так і на астатнія патрэбы, вырасце на 3,6% — да 0,1122 рубля. Калі сям'я ў месяц расходуе 300 кВт•г, то дагэтуль за электрычнасць яна плаціла 32,43 рубля, а з чэрвеня будзе 33,66 рубля. Тарыф на ацяпленне жылля, які патрабуе ўсталёўкі спецыяльнага дадатковага лічыльніка, павялічваецца на 14,5%. Паводле гэтага тарыфу за тыя ж 300 кВт•г у наступным месяцы заплаціць 15,42 рубля (цяпер 13,47 рубля) .
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.