Аўтар зняважлівага паста пра Барадуліна: па сэнсе я і сёння нічога не змяніў бы
“Сыну ў школе задалі вывучыць верш Рыгора Барадулiна. Рыгор гэты ёсць у яго падручніку. Сябра партыі БНФ, то бок перакананая нацысцкая сволач, цяпер ужо дохлая. Грэка-каталік, натуральна, і, як паэт, дрэнь. Увогуле, я яму сказаў, што вось гэта вось ён вучыць не будзе. Хлопец уздыхнуў з палёгкай”, — такі допіс на сваёй старонцы ў Facebook пакінуў выкладчык Кафедры упраўлення нерухомасцю БДУ і рыэлтар Аляксандр Гарашчэня яшчэ ў 2015 годзе. Цяпер гэты пост выпадкова ўсплыў і актыўна абмяркоўваецца ў байнэце.
“Адзінае, за што мне цяпер няёмка, дык за тое, што, калі размяшчаў публікацыю на ўласнай старонцы, не асабліва стрымліваўся ў выразах, — кажа Аляксандр Гарашчэня у размове з Еўрарадыё. — І ў выніку дапусціў наяўнасць нейкага такога падлеткавага стылю. То бок па сэнсе я б нічога ў гэтым пасце змяняць не хацеў бы”.
Ці атрымаў сын за нявывучаны верш Барадуліна двойку, Аляксандр не памятае. Маўляў, хутчэй за ўсё, проста не паспелі выклікаць. Рыэлтар кажа, што ніякія іншыя беларускія пісьменнікі ў яго “чорны спіс” не траплялі.
“Госпадзі, можна падумаць, што мой сын рваўся вывучыць гэты верш, а яму забараніў, — кажа Аляксандр. — Не! Ён прыйшоў ды мяне і сказаў, што вучыць гэта не хоча. Я пагартаў інтэрнэт, паглядзеў партыйную прыналежнасць аўтара і сказаў: ведаеш, не трэба табе гэта вучыць! Я і цяпер лічу, што не трэба яму гэта вучыць”.
На пытанне, як у яго сына адносіны з беларускай мовай, Аляксандр Гарашчэня адказвае пытаннем: “А ў каго яны нармальныя?”.
“Для большасці дзяцей вывучэнне беларускай мовы — ніякае не свята. Ніхто не настойвае на тым, і я ў тым ліку ніколі гэта не казаў, каб беларускую мову забаранялі. Але навошта яе насаджаць, я не вельмі разумею. На маю думку, гэта стварае праблемы акурат тым, хто гэтую мову любіць і шануе. Бо ўсё, што робіцца з-пад палкі, выклікае супраціўленне”.
Да таго, што яго допіс у Facebook цяпер актыўна абмяркоўваецца і перапошчваецца, Аляксандр ставіцца па-філасофску:
“Няхай гуляюцца. Я не думаю, што ў мяне нехта, у тым ліку суддзя, можа адабраць права выказваць сваё меркаванне. Так, я лічу, што БНФ — партыя такая, да якой ёсць вялікія пытанні. Так, я лічу, што твар партыі вызначаецца практыкай яе паствы. Я ж не пісаў гэта ў нейкую суполку, не пісаў гэта на нейкім форуме, я напісаў гэта на сваёй уласнай старонцы. І тое, што мне цяпер пішуць… мне, карэннаму беларусу, каб я матаў у Расію — гэта і ёсць твар гэтай партыі і твар гэтай тусоўкі”.