"Гасподзь, жгі, мы патрываем": як беларусы ставяцца да санкцый
Падтрымка санкцый для беларусаў — форма пратэсту / Еўрарадыё
Санкцыі мацней за ўсё ўдараць па рэгіёнах і бюджэце. Гэта дрэнна паўплывае на занятасць і ўзровень жыцця ў дэпрэсіўных раёнах Беларусі.
Аднак большасць пратэстава настроеных беларусаў гатовыя прыняць пагаршэнне свайго эканамічнага становішча. Хоць імгненнага эфекту ад санкцый не чакаюць, яны даюць людзям надзею на перамены.
Такія высновы можна зрабіць з даследавання Цэнтра новых ідэй і ініцыятывы "Народнае апытанне". Аналітыкі вывучылі ўплыў санкцый на рэгіёны і стаўленне пратэстава настроеных беларусаў да мер заходніх краін. У канцы лістапада было апытана 4323 чалавекі.
Рэгіёнам давядзецца цяжэй за ўсё
У Беларусі шмат гарадоў з прадпрыемствамі, на якіх засяроджаная занятасць рэгіёна. Таму ад санкцый пацярпяць не толькі работнікі з канкрэтнага горада, але і занятыя на санкцыйных прадпрыемствах з суседніх населеных пунктаў. А знайсці іншую працу ў рэгіёнах часцяком няпроста.
Цяжэй за ўсё давядзецца Салігорскаму раёну. Там санкцыйны "Беларуськалій" забяспечвае 24% ад агульнай занятасці ў раёне. А "Нафтан" і "Полацк-Шкловалакно" забяспечваюць занятасць 15% людзей у Полацкім раёне.
— Высокая імавернасць, што на гэтых прадпрыемствах паменшыцца заработная плата. Павялічыцца ўзровень беспрацоўя. Паколькі гэтыя прадпрыемствы буйныя для раёнаў, часта яны даюць грошы ў мясцовыя бюджэты, у тым ліку на сацыяльныя рэчы. Па сутнасці, з пагаршэннем сітуацыі на гэтых прадпрыемствах адразу зменіцца і грамадскае жыццё нават для тых людзей, якія на іх не працуюць, — кажа дырэктар Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў.
Шмат санкцыйных прадпрыемстваў у Мінску, але эканоміка сталіцы не завязана на некалькіх прадпрыемствах. Таму ўдар па Мінску будзе самым лёгка пераносным.
Паспяховыя забуксуюць, бедныя пабяднеюць
Шкоду ад санкцый панясе таксама бюджэт, а ўслед за ім зноў жа пацярпяць рэгіёны.
— Санкцыйныя прадпрыемствы экспартаарыентаваныя. Падаткі ад знешняга гандлю і акцызаў паступаюць у рэспубліканскі бюджэт. Паколькі найбольшы ўдар накіраваны на экспарт, то гэта рызыка для бюджэту.
У Беларусі больш за палову ўсіх рэгіёнаў атрымліваюць трансферты і субсідыі. Калі бюджэт будзе мець праблему, то ён зможа менш падтрымліваць адсталыя рэгіёны, — працягвае Антон Раднянкоў.
У Беларусі ёсць рэгіёны, якія зарабляюць настолькі мала, што рэспубліканскі бюджэт пакрывае больш за 70% іх расходаў.
— Гэтыя раёны ў асноўным знаходзяцца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Шмат раёнаў знаходзіцца і ў Віцебскай вобласці. 65 з 120 мясцовых бюджэтаў больш чым на палову субсідуюцца з рэспубліканскага бюджэту. Гэта значыць, у самых бедных сітуацыя стане яшчэ горшай. Паспяховыя раёны таксама забуксуюць.
Наколькі крытычнымі будуць наступствы санкцый, залежыць ад таго, ці змогуць прадпрыемствы перабудаваць свае бізнес-мадэлі. Напрыклад, знайсці новых партнёраў. Фінансавыя запасы бюджэтаў і кампаній таксама важныя.
— Мы чулі навіны пра магчымы крэдыт у 3,5 мільярда долараў. Гэта адзін з механізмаў, якім чынам улады могуць рыхтавацца да санкцый. І апошняе — наколькі актыўна ўлады будуць спрабаваць наймаць лабістаў, падаваць у суды, ствараць арганізацыі-пракладкі [каб абысці санкцыі. — Еўрарадыё]. Не варта чакаць, што заўтра адбудзецца дэфолт, развал і гэтак далей. Гэта можа заняць некалькі гадоў, умоўна, — адзначае Антон Раднянкоў.
Больш падтрымліваюць санкцыі супраць Лукашэнкі і набліжаных
Каля 90% пратэставай аўдыторыі ўважліва сочаць за тэмай санкцый, а меркаванні наконт таго, якія з іх патрэбныя, разыходзяцца.
— Кропкавыя эканамічныя санкцыі больш прымальныя. Іх гатовыя падтрымаць 44 адсоткі апытаных, і 32 адсоткі супраць. З шырокімі [сектаральнымі. — Еўрарадыё] санкцыямі сітуацыя адваротная. Тут, хутчэй, 51 адсотак супраць. Падтрымліваюць іх толькі 24 адсоткі, — кажа сацыёлаг, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў.
Затое нашмат больш згоды адносна таго, супраць каго павінны быць накіраваныя санкцыі. 70% рэспандэнтаў лічаць, што павінны быць пакараныя Лукашэнка і набліжаныя да яго людзі і бізнесы. Яшчэ 50% за тое, каб абкласці санкцыямі сілавікоў.
Санкцыі ацэньваюць цвяроза, але гэта надзея
На думку апытаных, санкцыі не прывядуць да імгненных эфектаў у палітычным плане. І тым больш не прымусяць Лукашэнку сысці. 84% ацэньваюць імавернасць адстаўкі Лукашэнкі праз санкцыі як нізкую. Яшчэ 75% рэспандэнтаў не думаюць, што санкцыі падштурхнуць улады да перамоваў з Захадам.
— Людзі ацэньваюць санкцыі досыць цвяроза. Адзінае, лічаць, што нейкім чынам улада, магчыма, пойдзе на вызваленне большасці палітычных зняволеных, але не ўсіх. І, можа быць, санкцыі трошкі натхняць Лукашэнку на перамовы, — расказвае Генадзь Коршунаў.
Калі адкінуць рацыянальнае ўспрыманне, то галоўны эфект санкцый для беларусаў — гэта надзея, што сітуацыя ўсё ж зменіцца. Толькі 24% апытаных сустракаюць санкцыі з трывогай.
У эканоміцы людзі чакаюць крызісу, але падтрымліваюць санкцыі. Для некаторых гэта форма выражэння пратэсту. Аднак ні беларуская эканоміка, ні людзі ў поўнай меры яшчэ не адчулі эфект санкцый.
— Санкцыі, відавочна, будуць мець негатыўнае ўздзеянне. І гэта разумее больш за палову. Людзі настроеныя не тое каб аптымістычна, але гатовыя да прыняцця на пэўным этапе пагаршэння асабістага эканамічнага становішча.
Незразумела, наколькі гэты трэнд будзе ўстойлівы, наколькі людзі шчырыя і наколькі яны ўпэўненыя ў гэтай пазіцыі, але цяпер пакуль кажуць: "Гасподзь, жгі, мы пачакаем, мы патрываем", — робіць выснову Генадзь Коршунаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.