Генеральны сакратар ААН раскрытыкаваў рашэнне Расіі аб прызнанні "Л/ДНР"

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш​ / Reuters
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш​ / Reuters

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш быў вымушаны перапыніць замежны візіт, каб ушчыльную заняцца вырашэннем "найбуйнейшага глабальнага крызісу ў сферы міру і бяспекі за апошнія гады". Пра гэта ён заявіў на брыфінгу ў  штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Прызнанне Расіяй "незалежнасці" асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей ён назваў парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны. Гэты крок, па словах Гутэрыша, прама супярэчаць прынцыпам Статута ААН і несумяшчальны з Дэкларацыяй аб дружалюбных адносінах Генеральнай Асамблеі ААН.

"Прынцыпы Статута ААН – гэта не меню ў рэстаране. Іх нельга ўжываць выбарачна. Дзяржавы-члены ААН прынялі іх цалкам, таму яны павінны цалкам іх выконваць", – заявіў ён.

Гутэрыш таксама сказаў, што расійскія войскі, якія Масква можа ўвесці на тэрыторыю "Л/ДНР" ніяк нельга назваць міратворчымі.

"Я ганаруся дасягненнямі ААН па падтрыманні міру, дзеля якіх так шмат "блакітных касак" ахвяруюць сваімі жыццямі, абараняючы мірных жыхароў. Але калі войскі адной краіны ўваходзяць на тэрыторыю іншай краіны без яе згоды, іх ніяк нельга лічыць міратворцамі", – сказаў ён.

Антоніу Гутэрыш яшчэ раз падкрэсліў, што Арганізацыя Аб'яднаных Нацый цалкам падтрымлівае суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў, і заклікаў да неадкладнага спынення агню і аднаўленню законнасці.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у панядзелак падпісаў указ аб прызнанні "Л/ДНР", а ў аўторак атрымаў згоду верхняй палаты расійскага парламента на выкарыстанне Узброеных Сіл РФ на тэрыторыі "Л/ДНР".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі