Генштаб Украіны: замежныя добраахвотнікі з'яўляюцца камбатантамі
Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны выступіў з заявай наконт статуса замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны у складзе ўкраінскага войска. Падкрэсліваецца, што ўсе яны добраахвотна падпісалі кантракты і былі прынятыя на вайсковую службу, згодна з дзейным законам. Таму гэтыя людзі "з'яўляюцца вайскоўцамі Узброеных сіл Украіны, на якіх... пашыраецца прававы статус камбатантаў", — гаворыцца ў заяве са спасылкай на Жэнеўскую канвенцыю.
"Гэты статус, між іншым, надае такім асобам права на абыходжанне з імі як з ваеннапалоннымі ў выпадку патраплення ў рукі ворага", — піша ўкраінскі Генштаб. А таму "невыкананне адпаведных нормаў міжнароднага гуманітарнага права з'яўляецца сур'ёзным парушэннем канвенцыі".
Пасля пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны на заклік прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага прыехалі з паўсотні краін свету тысячы добраахвотнікаў. Яны склалі Інтэрнацыянальны легіён. Мінабароны Расіі нядаўна сцвярджала, што замежных добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, налічваецца да 3500 чалавек. Некаторыя з іх загінулі, трапілі ў расійскі палон, дзе іх называюць "наймітамі" і судзяць.
Ва Украіне ваююць і беларусы: полк імя Кастуся Каліноўскага і полк "Пагоня", байцы якога нядаўна пачалі падпісваць кантракты з Сіламі спецыяльных аперацый Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.